Беларусь знайшла сабе новага стратэгічнага сябра – В’етнам. У Лаакаі адбылася сустрэча старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі з сакратаром Партыйнага камітэта правінцыі Лаакай Суан Чыёнгам. Адбылася ўрачыстая перадача В’етнаму некалькіх кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ, падпісалі некаторыя дамовы. Дарэчы, паміж правінцыяй Лаакай і Берасцейскай вобласцю яшчэ з 2017 года дзейнічае пагадненне пра супрацоўніцтва. Цяпер прапанавалі падпісаць новую праграму на наступныя два гады і пашырыць супрацоўніцтва за кошт Гомельскай вобласці.

Важна падкрэсліць, што В’етнам – гэта рэгіянальная фабрыка. Там працуюць зборачныя лініі Samsung, LG, Intel, Apple, а Nike, Adidas, Zara і H&M шыюць там тэкстыль і абутак і так далей. Як піша выданне “Беларусы і рынак”, супрацоўніцтва Беларусі з В’етнамам выглядае як партнёрства “па выжыванні”, бо адным патрэбныя рынкі, іншым – хоць нейкія саюзнікі.
Stadler абверг падпісанне кантракта з БЧ
У швейцарскай кампаніі Stadler не пацвярджаюць падпісанне кантракта з БЧ, хаця перамовы паміж імі сапраўды былі. Пра гэта ў пісьмовым каментарыі Office Life паведаміў прадстаўнік Stadler. У канцы мінулага тыдня ў беларускіх медыя з’явілася інфармацыя аб пастаўцы Stadler цягнікоў міжрэгіянальных ліній. Гаварылася, што для БЧ павінны паставіць 65 цягнікоў, у тым ліку 30 электрацягнікоў і 35 дызель-цягнікоў.
Нагадаем, пасля ўвядзення санкцый у 2022 годзе на заводзе “Штадлер Мінск” у Фаніпалі перасталі вырабляць саставы. Пры гэтым швейцарская кампанія працягвае заставацца 100% уласнікам завода ў Беларусі і падтрымлівае яго, каб аднавіць працу, як толькі санкцыі будуць знятыя.
У Баранавічах могуць пачаць зборку расейскіх цягнікоў
Расейскі «Трансмашхолдынг» гатовы разгарнуць зборачную вытворчасць цягнікоў у Беларусі, піша “Наша Ніва”. Як распавёў генеральны дырэктар расейскага холдынга Кірыл Ліпа, ёсць запыт беларускага ўрада на стварэнне лакалізаваных прадпрыемстваў.
— Усе нашы расейскія пляцоўкі перагружаныя. Таму мы гатовыя лакалізаваць сваю вытворчасць у Беларусі. У прыватнасці, разглядаем для гэтага інфраструктуру дэпо ў Баранавічах. Выніковае рашэнне будзе залежаць ад двух рэчаў: ад заказаў з боку ключавых пакупнікоў у Беларусі і фінансавых магчымасцяў. Як толькі атрымаем канкрэтныя заяўкі, адразу разгорнем зборачную вытворчасць, — паабяцаў ён.
Расея працягвае зарабляць мільярды на экспарце ў Еўразвяз
У чэрвені Еўразвяз прыняў 18-ы пакет санкцый супраць Масквы, які прадугледжвае зніжэнне цэнавага ліміту на расейскую нафту, забарону імпарту паліваў з яе і занясенне ў «чорны спіс» кампаній, звязаных з Nord Stream. Аднак, паводле аналітыкаў, магчымасці Бруселя ўжо блізкія да мяжы, чытаем на biznesalert.pl. Тым часам Расея працягвае пастаўляць газ у Еўропу апасродкавана — праз Славакію, Венгрыю і Аўстрыю.
На нефармальным саміце кіраўнікі МЗС краін Еўразвязу абмяркуюць новыя меры ціску на Расею. Адной з прапаноў можа стаць абмежаванне перамяшчэння расейскіх дыпламатаў у зоне Шэнген.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: t.me/housegovby.






