Грузавыя аўтамабілі, цягачы і прычэпы (палоўпрычэпы) з літоўскай рэгістрацыяй цяпер могуць перамяшчацца толькі праз беларуска-літоўскі ўчастак мяжы. Адпаведную пастанову сёння, 1 лістапада, падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Як паведамляе ўрад, гэта рашэнне прынята дзеля абароны беларускіх і іншых добрасумленных перавозчыкаў, бо пасля закрыцця беларуска-літоўскай мяжы і пераарыентацыі руху на польскі і латвійскі накірункі там утварыліся заторы.
«Дадзеная мера з’яўляецца вымушаным адказам на аднабаковыя дзеянні літоўскага боку, які неаднаразова і без папярэдняга паведамлення закрываў пункты пропуску на беларуска-літоўскім участку дзяржаўнай мяжы. Уведзеная мера суразмерная, апраўданая і накіраваная на абарону добрасумленных удзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці ад наступстваў аднабаковых рашэнняў літоўскіх уладаў», — гаворыцца ў паведамленні ўрада.
Раней літоўская нацыянальная асацыяцыя аўтамабільных перавозчыкаў LINAVA інфармавала, што ў Беларусі затрымаліся каля 1500 грузавікоў.
Сёння віцэ-прэзідэнт LINAVA Алег Тарасаў заявіў, што Беларусь не выпускае фуры з грузамі не беларускага паходжання. Паводле яго слоў, усе кіроўцы затрыманых машын — грамадзяне Літвы або ўладальнікі літоўскага ВНЖ, піша LRT.
«Беларуская мытня цяпер выдае паведамленні, якія працягваюць патрабаванне пакінуць краіну цягам 30 дзён, аднак ні кіроўцы, ні грузавікі, ні прычэпы не выпускаюцца. Дазваляюць выезд толькі тым, хто перавозіць беларускія грузы, а пустыя аўтамабілі або тыя, што вязуць тавары іншых дзяржаў, застаюцца ў Беларусі», — адзначыў Тарасаў.
Беларускае Радыё Рацыя






