Беларусь другі год запар з’яўляецца найбуйнейшым экспартным рынкам для польскіх вытворцаў яблыкаў. У ліпені краіна закупіла ў Польшчы 2993 тоны гэтай прадукцыі, што ўдвая больш, чым у другога па велічыні імпарцёра — Казахстана. Пра гэта напісаў польскі спецыялізаваны партал sad24.pl.
У той жа час у Польшчы адзначаюць, што пастаўкі іхніх яблыкаў у краіны ЕЗ прыкметна скараціліся. У ліпені туды было пастаўлена 7,1 тыс. тон, што амаль у два разы менш, чым год таму за той жа месяц. Зніжаюцца пастаўкі і на ўсходнім кірунку. Так, Беларусь год таму ў ліпені закупіла 4,5 тыс. тон, а цяпер менш за 3 тыс. тон. Трэцім па аб’ёмах усходнім пакупніком польскіх яблыкаў у ліпені стала Манголія — 598 тон.
Пры гэтым ліпень стаў апошнім месяцам, калі польскія яблыкі можна было ўвозіць у Беларусь. Пагадненне аб гэтым паміж дзвюма краінамі дзейнічала з 1 красавіка па канец ліпеня, нагадвае НН.
Беларусы ўсё менш купляюць беларускага
Не зважаючы на агітацыю, беларускія спажыўцы ўсё менш хочуць набываць айчынныя тавары. Унутраны рынак губляюць айчынныя вытворцы вопраткі, абутку і панчошных вырабаў, піша выданне «Беларусы і рынак».
Белстат паведамляе, што па выніках першага паўгоддзя на айчынны сегмент прыпала 58% рознічнага продажу, годам раней гэтая доля складала 61%, а дзесяць гадоў таму – 70%. Беларускія тавары губляюць пазіцыі як у харчовым, так і ў нехарчовым сектары.
Самае радыкальнае падзенне адчуваюць вытворцы беларускай вопраткі. Цяпер іх доля ў продажы вопраткі складае 16,4%, а годам раней за першае паўгоддзе было 28,6%. Продаж айчыннага абутку ўпаў з 31 да 26%. Сярод харчовых тавараў вырас працэнт імпарту па соках, макаронах, рыбе і алеі, нават крупы беларусы больш актыўна набываюць імпартныя.
Даплаты на электрычнасць у Польшчы таксама для іншаземцаў
Паводле ацэнак урада, прыкладна 20% спажыўцоў энергіі ў Польшчы атрымаюць гэтак званы энергетычны ваўчар. Гэта каля 3,5 млн хатніх гаспадарак у краіне. Спачатку неабходна падаць заяву на атрыманне гэтай аднаразовай дапамогі.
Прэтэндаваць на атрыманне энергетычнага ваўчара могуць адзінокія людзі з месячным даходам да 2500 злотых чыстымі (580 еўра), а таксама шмат асабовыя хатнія гаспадаркі з даходам на чалавека да 1700 злотых (395 еўра). 1200 злотых гэта максімальная сума даплаты на электраэнергію. Адзначым, што ваўчар з’яўляецца аднаразовай даплатай у гэтым годзе. Заяўкі прымаюцца да канца верасня. Атрымаць дапамогу могуць таксама іншаземцы, якія маюць сталы від на жыхарства, статус бежанства або гуманітарны побыт, піша Польскае радыё.
Беларускае Радыё Рацыя.