Прыморскі край Расеі плануе прадаставіць Беларусі порт для пастаўкі тавараў. Пра гэта распавёў губернатар гэтага расейскага рэгіёна Алег Кажамяка, піша Office Life.

Мяркуецца, што праз Архангельск грузы будуць дастаўляцца ў рэгіёны Расеі ды іншыя краіны. Беларусь плануе выкарыстоўваць гэты порт для экспарту тавараў у Кітай па Паўночным марскім шляху. Пытанне абмяркоўвалі на сустрэчы губернатар Прыморскага края і пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой. Пасол прапанаваў таксама супрацоўніцтва Расеі і Беларусі ў суднабудаванні.
Патэнцыйны аб’ём беларускіх грузаў у партах Расеі ацэньваецца ў 30 мільёнаў тон у год. На гэты момант Беларусь найбольш выкарыстоўвае Вялікі порт Санкт-Пецярбург, парты Усць-Луга, Растова-на-Доне, Наварасійска, Ейска, Астрахані і Оля.
Беларусь не паставіла абяцаныя тралейбусы ў Новасібірск
Беларусь не выканала ўмоў кантракту па пастаўцы тралейбусаў у Новасібірск. Са 120 машын пакуль даехалі толькі 95. Між тым тэрмін выканання дамовы скончыўся ў канцы 2023 года. Новасібірскі губернатар адправіў у Менск сваіх прадстаўнікоў, каб абмеркаваць сітуацыю. Акрамя тралейбусаў, ёсць пытанне па трамваях. Беларускія вытворцы абяцалі паставіць у Новасібірск да красавіка дзесяць вагонаў трамвая. Шэсць вагонаў ужо прыбылі, яшчэ адзін у дарозе, піша “Еўрарадыё”.
Яшчэ восенню 2022 года ўлады расейскага Новасібірска казалі, што тралейбусны парк горада зношаны амаль на 99 працэнтаў. 120 беларускіх тралейбусаў павінны былі пакрыць недахоп тралейбусаў на 40 працэнтаў.
Канфлікт паміж Ізраілем і Хамас уплывае на кошт нафты
Канфлікт паміж Ізраілем і Хамас усё выразней распаўсюджваецца на ўвесь Блізкі Усход, там таксама гінуць амерыканскія салдаты, што пагражае далейшай эскалацыяй. У гэтай сітуацыі пачынае рэагаваць рынак паліва і нафты, цэны на АЗС растуць самымі хуткімі тэмпамі за некалькі месяцаў.
Так, сырая нафта самая дарагая з лістапада: барэль нафты маркі Brent каштуе больш за 83 даляры. З пачатку гэтага года ён павялічыўся больш чым на 8%. Салярка на еўрапейскім таварным рынку з пачатку года ўжо падаражэла на 14,4 працэнта.
Netflix закрыў базавы тарыф і павысіў цэны
Стрымінгавы сэрвіс канчаткова адмовіўся ад свайго тарыфнага плану Basic за $11,99 у месяц, які дазваляў глядзець серыялы без рэкламы. Замест базавага тарыфу карыстальнікам прапануюць тарыф за $15,49 у месяц, які стане самым танным варыянтам без рэкламы. Таксама можна выбраць план з рэкламай за $6,99 і план Premium за $22,99 у месяц. Спачатку змены ўводзяць у Канадзе і Вялікабрытаніі, і паступова пашыраць на іншыя краіны.
Усяго на тарыф з рэкламай прыпадае каля 40% усіх рэгістрацый на платформе. Сёння Netflix мае 247 мільёнаў падпісчыкаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц (Архангельскі марскі гандлёвы порт)






