Пасол Расейскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў тэлеканалу ОНТ, што неўзабаве ў Беларусі змогуць вырабляць унутрырэгіянальныя самалёты «Байкал» і «Ладага».
Паводле яго слоў, пытанне авіябудавання ў Беларусі і Расеі акурат абмяркоўваецца: «407-ы Менскі завод грамадзянскай авіяцыі, 558-ы авіярамонтны завод у Баранавічах — яны атрымаюць заказы на выраб вузлоў расейскіх самалётаў — Ту-214, Іл-96, МС-21. Магчыма, атрымаецца ўжо і вытворчасць канчатковых вырабаў, гэта значыць самалётаў «Байкал» і «Ладага» — гэта ўнутрырэгіянальныя невялікія самалёты. Так што развіццё ідзе поўным ходам», — сказаў Грызлоў. (nashaniva.com)
Дэфіцыт – больш за 20%. Колькі і якіх медыкаў не хапае ў Менску?
Сталічным медустановам зараз не хапае ўрачоў агульнай практыкі, лабараторнай дыягностыкі, рэнтгенолагаў, педыятраў, дзіцячых отарыналарынголагаў і траўматолагаў. Пра гэта распавёў старшыня камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Ігар Юркевіч, піша агенцтва “Мінск-Навіны”. Паводле Юркевіча, у цэлым патрэбнасць у кадрах у сталічнай ахове здароўя такая: вакантныя пасады 2300 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй і 1300 — з вышэйшай.
У пачатку года агулам па краіне патрабавалася больш за 4750 урачоў-спецыялістаў і 3860 медсясцёр. Гэта вынікала са звестак агульнарэспубліканскага банка вакансій. Вырашыць праблему з недахопам медыкаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. (news.zerkalo.io)
У Берасцейскай вобласці знялі забарону на вываз тавараў у Польшчу
Берасцейскі аблвыканкам адмяніў абмежаванні на вываз групы тавараў у Польшчу, якія былі ўведзеныя ў 2022 годзе ўрадам. Тады ўлады забаранілі беларусам вывозіць за межы ЕАЭС больш за два кілаграмы пшанічнай мукі, больш за кілаграм грэчкі, рысу, аўсянай і маннай круп, проса, аўсяных шматкоў, макаронных вырабаў, расліннага алею, цукру і солі. Акрамя таго, нельга было вывозіць у ЕС больш за тры бляшанкі мясных, рыбных і малочных кансерваў. Цяпер улады Берасцейшчыны знялі гэтыя абмежаванні для фізічных асоб. Дазвол на вываз у Польшчу гэтых тавараў для асабістых патрэб будзе дзейнічаць да канца бягучага года.
Шэсць папулярных турыстычных краін могуць увесці адзіную візу
Прэм’ер-міністр Тайланда Сеттха Тхавісін прапанаваў прадстаўнікам пяці іншых краін Паўднёва-Усходняй Азіі ўвесці адзіную турыстычную візу. Пра магчымае з’яўленне “азіяцкага шэнгена” піша Bloomberg.
Адзіная віза павінна дзейнічаць у Тайландзе, Малайзіі, Камбоджы, В’етнаме, Лаосе і М’янме. Мяркуецца, што «азіяцкі шэнген» дапаможа павялічыць прыток турыстаў у гэтыя краіны, а таксама прыбытак на аднаго падарожніка. За мінулы год гэтыя шэсць дзяржаў наведалі каля 70 млн турыстаў. Праўда, больш за палову з іх прыйшлося на Тайланд і Малайзію, якім турызм прынёс $48 млрд. Дарэчы, аналітыкі настроены да “азіяцкага шэнгену” скептычна і заяўляюць, што больш эфектыўным варыянтам развіцця турызму могуць стаць двухбаковыя пагадненні паміж краінамі. (Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ТАСС (самалёт «Байкал»)