Кіраўнік Мінпрацы Наталля Паўлючэнка расказала ў “парламенце”, якія ў чыноўнікаў планы па росце пенсій у 2026 годзе. Паводле яе прагнозу, выплаты па ўзросце для непрацуючых пенсіянераў павялічацца на 14,5% і перавысяць адзнаку ў 1100 рублёў.

Сёлета працоўныя пенсіі павышалі двойчы – у верасні (у сярэднім на 5%) і ў лютым (на 10%). Павышэнне датычыла пенсій па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля.
У офіс холдынгу кампаній, звязаных з Баскавым, прыйшлі сілавікі
У менскім офісе “Першай акумулятарнай кампаніі” 12 лістапада, імаверна, прайшлі ператрусы. Пра гэта “Люстэрку” паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй. Кампанія ўваходзіць у буйны холдынг 1АК-Group. Яго сузаснавальнік — бізнесовец Віктар Лемяшэўскі. Ён вядомы па скандальнай гісторыі з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Берасцем, долю якога пазней атрымаў сенатар і набліжаны да Лукашэнкі функцыянер Дзмітрый Баскаў.
Літва плануе абмежаваць аб’ём паліва, якое ўвозіцца без пошлін
Сейм Літвы папярэдне ўхваліў абмежаванне бяспошліннага аб’ёму паліва, якое ўвозіцца з Беларусі ў баках грузавікоў. “Пачашчаюцца выпадкі злоўжыванняў, калі паліва ў стандартных баках грузавікоў, якія ўязджаюць з Расеі і Беларусі (да закрыцця мяжы з ёй), зліваецца ў Літве”, — аргументаваў неабходнасць такога рэгулявання намеснік міністра фінансаў Дарус Садэцкас.
Партал навін Delfi паведаміў, што калі з аднаго грузавіка ў сярэднім нелегальна зліць 500 літраў дызельнага паліва, то за дзень агулам можа быць зліта каля 100 тысяч літраў. Такім чынам, Літва можа губляць да 2,2 млн еўра падатковых паступленняў у месяц, ці больш за 26 млн еўра ў год.
Беларусь увайшла ў тройку імпарцёраў расейскай солі
Па выніках 9 месяцаў Беларусь атрымала 11% усяго аб’ёму харчовай солі, якую расейскія вытворцы адгрузілі на экспарт. Гэта трэцяе месца ў вартасным выражэнні пасля Казахстана (доля 30 працэнтаў) і Кітая (27 працэнтаў). Таксама ў топ-5 імпарцёраў расейскай солі ўваходзяць Манголія (6%) і Грузія (5%).
Як адзначаецца, расейскі экспарт харчовай солі вырас на 60%. За названы перыяд Расея экспартавала на замежныя рынкі сталовай солі на амаль 9 млн даляраў. Адзначым, што пры гэтым Беларусь вырабляе ўласную соль.
Беларускае Радыё Рацыя.




