Улады Беларусі раптам палічылі недаацэненым уплыў грашовых пераводаў беларускіх грамадзян, якія працуюць за мяжой, на эканоміку краіны. Пра гэта гаворыцца ў прынятай “Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2024−2028 гады”.
У дакуменце гаворыцца, што пераводы грошай з-за мяжы трэба стымуляваць, каб павялічыць іх аб’ёмы. Таксама прыводзіцца наступная статыстыка: летась за паўгода асабістыя грашовыя пераводы беларусаў склалі прыкладна палову мільярда даляраў, а за ўвесь пазамінулы год – больш за адзін мільярд даляраў.
Пры гэтым беларусы, якія жывуць ці працуюць за мяжой, абмежаваныя ў магчымасцях пераводу грошай на радзіму. Па-першае, дзейнічаюць заходнія санкцыі. Па-другое, улады Беларусі і самі ўвялі пэўныя абмежаванні.
Тры дзяржаўныя прадпрыемствы патрабуюць дапамогі
Крэдыты трох вядомых дзяржаўных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці будуць выплачваць з бюджэтных сродкаў. Такое рашэнне прыняў Савет міністраў.
Гаворка ідзе пра Аршанскі льнокамбінат, які яшчэ ў 2015 годзе атрымаў пазыку амаль 52 мільёны даляраў з сумеснага беларуска-кітайскага праекта, а таксама гаворыцца пра “Баранавіцкае вытворчае бавоўнапапяровае аб’яднанне” і прадпрыемства “Камволь” у Менску.
Колькі іншаземцаў жывуць і працуюць у Беларусі
На 30 чэрвеня 2023 года ў Беларусі знаходзілася каля 210 тысяч іншаземцаў, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне. Адзначаецца, што “міграцыйныя настроі шмат у чым звязаныя з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй” у Беларусі і “краінах блізкага і далёкага замежжа”.
Раней у Мінпрацы распавядалі, што ў студзені – жніўні мінулага года ў Беларусі працавалі 34 тысячы замежных грамадзян. Акрамя таго, быў складзены пералік прафесій, на якія можна прыцягваць іншаземцаў, якія не маюць дазволу на сталае пражыванне ў краіне. Таксама адзначаецца, што амаль 30 тысяч іншаземцаў атрымліваюць у Беларусі адукацыю.
У Менску адкрыецца новая крама нямецкага брэнда адзення
У сярэдзіне гэтага года ў новым гандлёвым цэнтры “Чэрвеньскі” адкрыецца крама нямецкага брэнда New Yorker. Гэта, відаць, першы выпадак з лютага 2022 года, калі заходняя кампанія сваю дзейнасць у Беларусі не змяншае, а пашырае, заўважае “Зеркало”.
У чэрвені гэтага года на месцы, дзе калісьці быў Чэрвеньскі рынак, запрацуе аднайменны гандлёвы цэнтр. Пакуль вядома толькі пра дзве крамы, якія ў ім будуць. Гэта гіпермаркет Green, а таксама брэнд New Yorker.
Першая крама New Yorker у Беларусі адкрылася вясной 2019 года пасля некалькіх няўдалых спроб. Цяпер брэнд мае тры крамы ў Менску і адну ў Гародні. З 2022 года запрацаваў таксама гандлёвы пункт у адным з гандлёвых цэнтраў у Віцебску. Прасоўвае сетку кампанія “НьюФэшн”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: tsn.ua.