BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Беларусбанк” будзе выдаваць крэдыты на набыццё айчынных тавараў

Новы крэдыт на спажывецкія патрэбы “На родныя тавары” анансавалі ў “Беларусбанку”. Атрымаць яго будзе можна з 4 студзеня, паведаміла прэс-служба фінансава-крэдытнай установы.

Крэдыт будзе выдавацца ў падтрымку ініцыятывы ўрада “па стымуляванні рознічнага гандлю таварамі беларускіх вытворцаў” на тры гады пад фіксаваную на ўвесь тэрмін крэдытавання стаўку 4% гадавых для набыцця тавараў беларускіх вытворцаў: мэблі халадзільнікаў і маразільнікаў, пральных, кухонных, посудамыйных машын, мікрахвалевых печаў, керамічнай пліткі і санітарна-тэхнічнага абсталявання, веласіпедаў, мапедаў, матацыклаў, тэлевізараў, мотаблокаў, міні-трактароў.

Максімальная сума крэдыту будзе залежаць ад плацежаздольнасці заяўніка, “але не можа перавышаць 300 базавых велічынь (па стане на сёння — 12 тыс. руб.)”. “Крэдыт выдаецца шляхам безнаяўнага пералічэння на рахункі прадаўцоў айчынных тавараў на падставе дакументаў на аплату тавару (рахунак-фактура, дагавор)”, — адзначылі ў банку.

Раней урад Беларусі рэкамендаваў “Беларусбанку” ў 2024 годзе выдаваць спажывецкія крэдыты на дадзеных умовах. Таксама было вызначана, што частка прыбытку банка за 2023 год будзе ўнесена ў статутны фонд для фінансавання ўказаных крэдытаў.