BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускай эканоміцы прагназавалі няпростыя часы. Здаецца, яны ўжо пачаліся

У Беларусі ў жніўні запаволіўся рост ВУП. На працягу васьмі месяцаў ён павялічыўся амаль на пяць працэнтаў, але ў мінулым месяцы тэмпы росту заўважна замарудзіліся. Як нагадвае «Люстэрка», эканамісты бачаць праблему ў цяперашнім росце заробкаў і крэдытавання, якія выліваюцца ў высокае спажыванне. Паводле ацэнак эксперта BEROC Анатоля Харытончыка, рост заробкаў, які апярэджвае рост эканомікі і прадукцыйнасці працы, узмацняе інфляцыйныя рызыкі.

Эксперты бачаць тры рызыкі ў беларускай эканоміцы. Адна з найбольш прыкметных — паслабленне фінансавага здароўя кампаній. Другая — гэта пагаршэнне становішча ў замежным гандлі. Трэцяя — фармаванне інфляцыйнага навеса.

— Усе тры складнікі — сур’ёзныя бар’еры для падтрымання росту, — расказаў раней Дзмітрый Крук і адзначыў, што ў сувязі з гэтым аналітыкі бачаць перадумовы для запаволення эканамічнага росту.

На “Івацэвічдрэве” расказалі, як працуюць падчас санкцый

У мясцовай раённай газеце выйшаў матэрыял, у якім асвятляецца праца цэха па вытворчасці ДСП-250 у новых умовах. Калісьці абсталяванне ўстанаўлівалі спецыялісты з Германіі. І ў выпадку “складаных паломак, у тым ліку тых, якія тычацца праграмнага забеспячэння, можна было разлічваць на [іх] дыстанцыйную кансультатыўную дапамогу”. З-за санкцый цяпер гэта немагчыма. І што ж робяць на прадпрыемстве? Спадзяюцца “на свае сілы, досвед і кемлівасць” працаўнікоў.

Таксама на “Івацэвічдрэве” вымушана зрабілі стаўку на “аналагі асобных імпартных запчастак”. Там сцвярджаюць, што яшчэ маюць запас “арыгінальных дэталяў”, але іх запасы няўхільна змяншаюцца. На прадпрыемстве прызнаюць, што здараюцца сур’ёзныя паломкі, калі завод можа спыніцца на суткі, але яны “здараюцца вельмі рэдка”. (Еўрарадыё)

Польскі ўрад абяцае дапамогу пацярпелым ад паводкі

Прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў пра комплексную дапамогу пацярпелым ад паводкі на поўдні Польшчы. Кіраўнік урада абяцаў сродкі з дзяржбюджэту і дапамогу на ўзроўні мясцовых уладаў. Урад выдзяляе пацярпелым 1 мільярд злотых.

Больш за тое, ад 17 верасня кожны чалавек, які пацярпеў ад паводкі, можа разлічваць на спецыяльную аднаразовую дапамогу – 10 тысяч злотых дапамогі пацярпелым ад паводкі. Жыхарам трэба будзе падаць заяўку ў мясцовы муніцыпальны офіс. Таксама пацярпелым будуць выдзяляцца да 100 тысяч злотых на рэканструкцыю гаспадарчых будынкаў і да 200 тысяч злотых на рэканструкцыю жылых дамоў. Кіраўнік урада запэўніў, што заяўкі будуць разглядацца “імгненна”. (Беларуская служба Польскага радыё)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: © Depositphotos.com/baranq