БелАЭС па-ранейшаму не працуе. Гэта пацвердзіў у сераду гендырэктар “Белэнерга” Андрэй Панчанка. Паводле яго слоў, першы энергаблок усё яшчэ на “планава-папераджальным рамонце”, а на другім працягваецца “дыягностыка датчыкаў”.

“З улікам таго, што такіх датчыкаў на блоку вялікая колькасць, іх рэвізія займае пэўны час”, — цытуе словы Панчанкі прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
Мінэнергетыкі прызнала, што другі энергаблок БелАЭС не працуе, амаль месяц таму. Яго “часова адключылі ад сеткі” пасля “спрацоўвання аднаго з датчыкаў”. З таго часу працягваецца іх “дыягностыка”. Сцвярджалася, што гэтыя дзеянні “не ўплываюць на бяспеку працы станцыі і яе абсталявання”. Пра тое, што другі энергаблок адключаны з-за парушэння герметычнасці першага контуру, раней стала вядома з неафіцыйных крыніц.






