BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская атамная хваліцца поспехамі

За восем месяцаў гэтага года БелАЭС выпрацавана 11,8 млрд кВт⋅г электраэнергіі — столькі ж, колькі станцыяй выраблена за ўвесь мінулы год, заявіў міністр энергетыкі Беларусі Аляксей Кушнарэнка. Міністр таксама адзначыў, што “сёння станцыя забяспечвае каля 40% унутраных патрэб краіны ў электраэнергіі”.

Дарэчы сёлета ў красавіку падчас наведвання Касцюковіцкага раёна (Магілёўская вобласць) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ім “паступова авалодвае думка аб магчымасці будаўніцтва яшчэ адной станцыі” ў Беларусі, “але над гэтым пытаннем яшчэ думаюць, рашэнне пакуль не прынята”. Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб магчымасці будаўніцтва другой атамнай станцыі ў краіне.

У Беларусі збіраюцца вырабляць аналаг знакамітых цукерак Mamba

У Белдзяржхарчпраме гэтую мяккую карамель назвалі «інавацыйнай імпартазамяшчальнай прадукцыяй». Вырабляць беларускую Mamba будзе «Слодыч». Вырабляць цукеркі будуць у філіяле фабрыкі ў пасёлку Івянец Валожынскага раёна ўжо з кастрычніка. Плануецца, што завод будзе выпускаць 2,2 тысячы тон цукерак у год, на вытворчасці будуць задзейнічаны 20 чалавек.

Арыгінальныя Mamba — мяккія цукеркі з фруктовымі смакамі — вырабляе нямецкая кампанія August Storck з 1953 года. У 1990-я і 2000-я цукеркі заваявалі папулярнасць у Беларусі, піша «Наша Ніва».

Польшча зацікаўлена ў бізнесе ва Украіне

Да канца бягучага года Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю плануе адкрыць чарговы офіс ва Украіне. Раней, 19 жніўня, быў адкрыты філіял агенцтва ў Львове, які дарэчы карыстаецца вялікім зaцікаўленнем як з боку ўкраінскіх, так і польскіх кампаній. Польскі бок адкрыў офіс у Львове з-за росту эканамічнага значэння гэтага горада, у тым ліку ў выніку пераездаў кампаній з цэнтральнай і ўсходняй Украіны.

Гэтага проста чакаў ад нас польскі бізнес, які ўсё больш ахвотна ўдзельнічае ў праектах, звязаных з развіццём і адбудовай Украіны, – паведаміў старшыня Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю Анджэй Дыха.

Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю адказвае за прыцягненне прамых замежных інвестыцый у Польшчу і падтрымлівае міжнароднае супрацоўніцтва польскіх прадпрыемстваў, піша Польскае радыё.

Пасля дэбатаў акцыі кампаніі Трампа абваліліся

Кошт акцый Trump Media & Technology Group, якой належыць сацыяльная сетка Truth Social, абвалілася амаль на 18,5%.

Як піша Reuters, у каштоўных паперах пачаліся распродажы якраз пасля першых перадвыбарных тэледэбатаў кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад рэспубліканцаў Дональда Трампа з кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі віцэ-прэзідэнтам Камалай Харыс.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Наталля Федасенка / ТАСС