Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, выступаючы ў Нацыянальным сходзе. Ён адзначыў, што ў студзені-верасні ВУП краіны вырас на 4,5 працэнта, у той час, як перад урадам у гэтым годзе стаіць задача нарасціць яго на 3,8 працэнта. Пры гэтым адзначым, што тэмпы росту ВУП паводле вынікаў дзевяці месяцаў знізіліся. У студзені-ліпені яны дасягалі 5,5 працэнтаў.

Снапкоў таксама заявіў, што страта рынкаў заходніх краін і Украіны была кампенсаваная за кошт паставак у іншыя рэгіёны, а аб’ём экспарту наблізіўся да мэтавага паказчыка пяцігодкі. Экспарт у Расію летась дасягнуў 25 млрд даляраў, што з’яўляецца максімальным паказчыкам за ўсю гісторыю. Таксама за студзень-жнівень у краіны Афрыкі паставілі прадукцыі на 497 млн. даляраў, што перавышае гадавыя паказчыкі ўсіх папярэдніх гадоў.
Беларусь трапіла ў спіс краін з самым танным півам у свеце
Беларусь заняла 86-е месца ў рэйтынгу краін па цэнах на піва. Статыстыку сабраў партал Numbeo, у рэйтынг увайшла 91 краіна. Паводле звестак партала, сярэдняя цана паўлітровай бутэлькі піва ў Беларусі складае 0,84 даляра — прыкладна 2 рублі 70 капеек. Танней піва толькі ў пяці краінах — В’етнаме, Кітаі, Украіне, Сербіі і Расіі.
Самае дарагое піва прадаецца ў Іарданіі — 4,98 даляра за паўлітра. У тройцы лідараў Аўстралія і Аман. Самае дарагое піва ў Еўропе прадаюць у Фінляндыі — 3,15 даляра за паўлітра і пятае месца ў рэйтынгу.
Дзе на Гарадзеншчыне найбольш будуюць жылля?
За дзевяць месяцаў гэтага года, паводле звестак Галоўнага статупраўлення Гарадзенскай вобласці, узвялі больш за ўсё квадратных метраў. У прыватнасці, у Гародні пабудавалі 173,6 тысяч квадратных метраў жылля, у Лідскім раёне – 37,5 тысяч. Замыкае тройку Гарадзенскі раён (27,1 тысячы кв. м.). Павольней за ўсё новае жыллё будуецца ў Дзятлаўскім, Бераставіцкім, Свіслацкім і Зэльвенскім раёнах.
Продажы легкавых аўта ў Еўропе ўпалі ўпершыню за два гады
Рэгістрацыя новых аўтамабіляў у еўрапейскіх краінах у верасні ўпала на 4,2% у параўнанні з мінулым годам і склала 1,12 млн адзінак. Пра гэта паведаміла Еўрапейская асацыяцыя аўтавытворцаў, піша Bloomberg. Гэта самае вялікае падзенне з ліпеня 2022 года. Як гавораць эксперты, на рынку назіраецца зніжэнне продажу аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання. А рост продажу электрамабіляў пакуль не можа яго кампенсаваць. Асабліва значна продажы новых аўта знізіліся ў Нямеччыне, Францыі і Італіі. Крыху выраслі – у Вялікабрытаніі і Іспаніі.
Як піша Office Life, у Беларусі аўтадылеры ў верасні прадалі 4320 легкавых аўтамабіляў, або 210 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Доля электрамабіляў у дылерскіх продажах за год вырасла з 2,23 да 7,93%.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: RFE/RL (Мікалай Снапкоў)






