BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларуская эканоміка зноў “згубіла” работнікаў

Колькасць чалавек, занятых у беларускай эканоміцы, за студзень скарацілася на 11 тысяч чалавек у параўнанні з папярэднім месяцам. Гэта вынікае з дадзеных Беларускага статыстычнага камітэта. Пры гэтым агулам за мінулы год эканоміка страціла амаль 44 тысячы работнікаў, а за апошнія тры гады – больш за 166 тысяч.

Шмат спецыялістаў згубіла ІТ-сфера. Паводле падлікаў выдання devby.io, за апошнія два гады толькі афіцыйна гэты сектар згубіў больш за 22,5 тысячы чалавек. Мяркуецца, што ў мінулым годзе ў ІТ у Беларусі працавала каля 88 тысяч чалавек, гэта на 16 працэнтаў менш у параўнанні з пазамінулым годам. Акрамя таго, упершыню за апошнія тры гады гэтая колькасць аказалася меншай за 100 тысяч.

У Беларусі з’явіўся новы вытворца цыгарэт

У Беларусі новы вытворца цыгарэт — кампанія “Сентоні ПРА”, створаная ў снежні мінулага года. Паводле дадзеных з базы юрыдычных асоб — кампаніяй валодаюць Сяргей Карповіч і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Буд-АнДзi”.

Пры гэтым Карповіч – супрацоўнік іншага буйнога вытворцы цыгарэт – кампаніі “Тытунь-Інвест”. А “Буд-АнДзi” належыць Андрэю Піскарову. Пра яго нядаўна з’явілася незалежнае расследаванне, звязанае з перагонкай у Расею люксавых еўрапейскіх аўтамабіляў у абыход заходніх санкцый. Да таго ж Піскароў быў звязаны з шэрагам іншых буйных беларускіх бізнесоўцаў, былых і цяперашніх лукашэнкаўскіх кашалькоў, такіх як Юрый Чыж або Дзмітрый Алексін. (паводле “Зеркало”)

Мытня заблакавала вываз груш у Расею на 700 тысяч даляраў

Беларускія мытнікі прадухілілі вываз у Расею 300 тон груш на агульную суму 2,3 млн рублёў (або 702 тысячы даляраў). Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства ў тэлеграм-канале.

Машыны з садавінай былі правераны ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях падчас спецыяльных рэйдаў на мінулым тыдні. Вадзіцелі грузавікоў не змаглі прад’явіць неабходныя суправаджальныя дакументы на прадукцыю і сертыфікаты, якія пацвярджаюць бяспеку тавару. Пры гэтым у сямі машынах з 16 польскія грушы завезлі пад выглядам іншых тавараў, замаскіраваўшы цюкамі з зялёным гарошкам, сухімі сняданкамі і збожжавымі шматкамі. Вынік праверак – у дачыненні да перавозчыкаў адкрытыя адміністрацыйныя працэсы. Ім пагражаюць вялікія штрафы, піша Office Life.

Цэны на газ у Еўропе ўпалі да мінімальных значэнняў

Біржавыя цэны на газ у Еўропе ўпалі ніжэй за $250 за тысячу кубаметраў. Такі ўзровень зафіксаваны ўпершыню з сярэдзіны 2021 года, паведамляе Лонданская біржа ICE.

Перыяд высокіх цэн на газ у Еўропе доўжыўся ў 2021-2022 гадах. Гістарычны рэкорд склаў 3 892 даляраў за тысячу кубаметраў у пачатку вясны 2022 года. Сярэднія каціроўкі па выніках мінулага года склалі каля 460 даляраў за тысячу кубаметраў, па выніках студзеня – амаль 340 даляраў.

Падземныя сховішчы газу ў Еўропе цяпер запоўнены на 64 працэнты.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.