Пра дамову паміж беларускім «Планарам» і амерыканскім Teksoli, Inc. стала вядома арганізацыі былых сілавікоў Belpol. Дакумент аб супрацоўніцтве кампаніі падпісалі 5 лістапада 2024 года. Ён прадугледжвае пастаўку камплектаў стандартных паўправадніковых пласцін на агульную суму 10 235 даляраў.

Беларускі «Планар» пры гэтым са снежня 2023 года знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЗША. Акрамя ЗША, у мінулым годзе санкцыі супраць беларускай фірмы ўвялі Вялікабрытанія, Аўстралія і Канада. Кампанія пастаўляе абсталяванне і шаблоны для расейскіх вытворцаў мікрасхем і беларускага «Інтэграла». «Больш за 50% прадукцыі «Інтэграла» складаюць мікрасхемы ваеннага прызначэння, вытворчасць якіх значна павялічылася з пачаткам ваенных дзеянняў ва Украіне», — піша Belpol.
Восем краін далучыліся да санкцый ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі
Гэта Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя. У Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў вітаюць іх рашэнне. Як вядома, у 16 пакет санкцый Еўразвязу супраць Расеі, прыняты 24 лютага 2025-га, трапілі два беларускія банкі (“Белгазпрамбанк” і “Банк БелВЭБ”) і завод “Інтэграл”, піша «Еўрарадыё».
Беларуская чыгунка праводзіць рэканструкцыю шляхоў
Беларусь і Расея сёлета плануюць завяршыць шэраг работ па рэканструкцыі чыгуначных шляхоў для павелічэння перавозак тавараў у паўночна-заходнія расейскія парты. Пра гэта агенцтву РІА “Навіны” паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара Расейскіх чыгунак Сяргей Паўлаў.
“Імкнёмся як мага хутчэй завяршыць рэканструкцыю ўчастка, які звязвае Беларусь і нашы парты Паўночнага Захаду, і рухацца далей у развіцці нашых адносін. У тым ліку і порт Мурманск абмяркоўвалі”, — сказаў Паўлаў.
Чыноўнік адзначыў, што таксама бакамі абмяркоўваўся “аб’ём беларускіх грузаў, пад які разлічана пашырэнне падыходаў да партоў Бронка і Санкт-Пецярбург”. Пакуль у праектаў беларускага боку гэта да 20 мільёнаў тон, заўважае «Позірк».
Цана золата б’е гістарычныя рэкорды
Паслабленне пазіцыі даляра і пакупкі золата цэнтральнымі банкамі прыводзяць да таго, што цана на каштоўны метал дасягае гістарычных рэкордаў. Унцыя золата на міжнародных рынках каштуе больш за 3 000 даляраў.
Дырэктар дэпартамента эканамічных аналізаў Santander Bank Polska Пётр Бельскі, кажа, што ў сувязі з аслабленнем даверу да даляра інвестары шукаюць іншыя спосабы бяспечнага ўкладання грошай:
– Амерыканскі даляр заўсёды лічыўся бяспечнай валютай; што нават у выпадку крызісу ў ЗША нашыя актывы будуць бяспечныя. Зараз пачуццё даверу да амерыканскай валюты крыху зменшылася і таму інвестары шукаюць альтэрнатывы долару, а золата – адна з іх.
Бельскі дадаў, што далейшы рост цаны золата магчымы, але не вырашаны, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: minsknews.by.