Беларусь, якая знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі, выбудаваўшы новыя ланцужкі паставак, аднавіла закупкі імпартных камплектуючых, што дазволіла павялічыць выпуск, гаворыцца ў новым макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця. Эксперты адзначаюць, што прамысловая вытворчасць цалкам аднавілася пасля спаду ў 2022 і перавысіла ўзровень 2021 года. Пры гэтым “важную ролю ў павелічэнні выпуску адыграла магчымасць нарошчвання паставак на расейскі рынак — як у сілу падвышэння попыту, так і дзякуючы пашырэнню сфер прадпрымальніцкай дзейнасці праз сыход часткі канкурэнтаў”, — гаворыцца ў аглядзе.
Павелічэнне прамысловай вытворчасці на 7,7% стала ключавым драйверам эканамічнага росту, забяспечыўшы 2,2 працэнтнага пункта прыросту ВУП”. Важным фактарам росту эканомікі названа і “пашырэнне гандлю, аб’ём паслуг у якім павялічыўся на 12,7% за мінулы год. Разам з тым аналітыкі банка канстатавалі, што транспарт і IT-сектар у мінулым годзе былі стрымліваючым фактарам для росту эканомікі
У Беларусі праблемы з запчасткамі для бытавой тэхнікі
— Падслухала ў “Электрасіле”, як прадавачка скардзілася пакупніку, што праз санкцыі ў Беларусь перасталі паступаць сертыфікаваныя дэталі Bosch, таму замяніць іх на “родныя” па гарантыі немагчыма і людзям прапануюць аналагі. Слухачка, якая расказала Еўрарадыё гэтую гісторыю, якраз збіраецца купляць пральную машыну. Жанчына баіцца, што ў выпадку паломкі тэхніку не змогуць адрамантаваць, і грошы будуць выкінутыя на вецер. Журналісты праверылі, ці сапраўды ў Беларусі пачаліся праблемы з арыгінальнымі запчасткамі да бытавой тэхнікі. Магчымасці прывезці нейкія дэталі сапраўды няма.
— Наогул Bosch — гэта даволі якасны брэнд. Не скажу, каб часта ўзнікалі нейкія праблемы, — кажуць у краме “Электрасіла”. — Калі казаць пра запчасткі, то, імаверна, праз санкцыі нейкія дэталі няма магчымасці прывезці, нейкія імкнуцца прывозіць. Вядома, гэта не поўны асартымент.
Беларусы складаюць самую шматлікую дыяспару прадпрымальнікаў у Польшчы
Амаль шэсць тысяч прадпрыемстваў з беларускім капіталам працуюць у Польшчы. Значная іх частка ў ІТ-сектары. У ZUS зарэгістравана 122 тысячы беларусаў. Большасць беларускіх кампаній працуюць у сферы паслуг: гандаль, транспартна-лагістычныя, будаўнічыя і ІТ-тэхналогіі. У ІТ-сферы кампаніі з беларускім капіталам лідзіруюць па ўзроўню занятасці і даходах, піша Puls Biznesu.
Кіраўнік Беларускага бізнес-цэнтра, які з 2022 года дзейнічае пры Асацыяцыі прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Дзмітрый Данільчук адзначае, што дыяспара прадпрымальнікаў з Беларусі – самая вялікая ў Польшчы.
– Па ацэнках, гэта 150–250 тысяч беларусаў, якія жывуць у Польшчы, і 5 988 кампаній з беларускім капіталам у лістападзе 2023 года, – кажа Данільчук.
Беларускае Радыё Рацыя