“Беларуськалій” працягвае судовыя разбіральніцтвы з прычыны страт, звязаных, на думку прадстаўнікоў кампаніі, з парушэннем урадам Літвы пагаднення пра абарону інвестыцый. Як піша выданне Delfi, у Літве пачалі арбітражны працэс з прычыны скаргі беларускага прадпрыемства.
Вядома, што “Беларуськалій” патрабуе, каб Літва заплаціла каля аднаго мільярда еўра (гэта без уліку працэнтаў і судовых выплат) у якасці кампенсацыі страт. Гэтыя страты беларуская кампанія панесла пасля таго, як Літоўская чыгунка разарвала дамову пра транзіт угнаенняў праз Літву ў лютым 2022 года, пасля нападу Расеі на Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі. У адказ Менск забараніў транзіт па сваёй тэрыторыі нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных угнаенняў, калі яны былі пагружаны на станцыях Літоўскай чыгункі. Абедзве краіны панеслі мільярдныя страты.
Беларусь разам з Ленінградскай вобласцю запускаюць сваю IKEA
Ленінградская вобласць і Беларусь маюць намер сабраць былых пастаўшчыкоў IKEA пад новым брэндам. Стварэнне сумеснага з Беларуссю камерцыйнага ланцужка па вытворчасці і продажы мэблі, які заменіць шведскі брэнд IKEA, абмяркоўваў у Менску губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка. Ён распавёў, што беларусы вырашылі адно з галоўных тэхналагічных пытанняў — поўнасцю замясцілі фурнітуру, “у тым ліку праз пастаўкі дружалюбных дзяржаў”.
Якія дарогі будуць рамантаваць сёлета ў Беларусі?
У Беларусі ў гэтым годзе плануецца пабудаваць, рэканструяваць і адрамантаваць каля 4 300 кіламетраў дарог. Як піша Office Life, найбольш маштабныя працы плануюцца на трасах: Р-53 (на ўчастку ад Смалявічаў да Жодзіна), М-3 (ад Лагойска да Плешчаніц) і Р-46, дзе плануецца здаць другую чаргу дарогі ад Полацка да граніцы з Расеяй. Таксама ў планах – рэканструкцыя прынамсі сямі мастоў.
Раней прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што фінансаванне праграмы “Дарогі Беларусі” на 2024 год будзе павялічанае да 2,2 мільярдаў рублёў. Пры гэтым асноўны аб’ём прац будзе ажыццяўляцца з улікам знешнегандлёвага трафіку – у напрамку Расейскай Федэрацыі.
Аўстралійцы змогуць ігнараваць начальства ў непрацоўны час
Улады Аўстраліі хочуць прыняць законы, якія даюць работнікам права ігнараваць неабгрунтаваныя званкі і паведамленні ад сваіх начальнікаў у непрацоўны час – пры гэтым працадаўцаў, якія парушаюць гэтую норму, змогуць штрафаваць.
Як піша myfin.by, федэральны ўрад Аўстраліі прапанаваў унесці папраўкі ў мясцовае працоўнае заканадаўства. Сярод прапанаваных змен значыцца так званае “права на адключэнне”, якое забараняе супрацоўнікам працаваць звышурочна без аплаты, даючы ім магчымасць адмовіцца ад неабгрунтаваных кантактаў у непрацоўны час. На думку ўладаў, такія нормы павінны абараніць правы працоўных і дапамагчы ім аднавіць баланс паміж працай і асабістым жыццём. Мяркуецца, што на кожнага аўстралійца ў год прыпадае шэсць тыдняў звышурочнай неаплатнай працы – гэта 60 мільярдаў даляраў нявыплачаных заробкаў у эквіваленце.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: mlyn.by