Суд Еўразвязу не зняў санкцыі з “Беларуськалія”, яго гендырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі.
Аргументы беларускага боку ён палічыў недастатковымі. У прыватнасці, юрысты, якія прадстаўлялі інтарэсы “Беларуськалія”, настойвалі, што ўвядзеннем сектаральных санкцый Рада ЕЗ нібыта парушыла асноўныя правы чалавека і акты міжнароднага права.
Раней “Беларуськалій” спрабаваў судзіцца з Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаенні і выстаўляў рахунак на мільярд еўра. Літва скасавала пагадненне пра перавозку беларускіх угнаенняў з меркаванняў нацыянальнай бяспекі ў лютым 2022-га. Еўразвяз і ЗША ўвялі забарону на іх экспарт яшчэ ў 2021 годзе.
Праз санкцыі грузапаток праз Беларусь знізіўся на 30%
Транзітны грузапаток праз Беларусь сёлета знізіўся яшчэ на 30% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Эдуард Даніловіч. Паводле яго, становішча на заходніх межах краіны застаецца складаным — найперш праз санкцыі. Закрытыя многія пункты пропуску. Акрамя таго, дзейнічае забарона на ўезд у краіны ЕЗ беларускіх грузаперавозчыкаў. Пры гэтым Даніловіч не згадаў, што ў якасці меры ў адказ урад РБ закрыў праезд праз Беларусь для еўрапейскіх перавозчыкаў, адзначае Reformby.org
Паводле Даніловіча, перад ДМК пастаўлена няпростая задача дапамагаць беларускім суб’ектам гаспадарання выходзіць з сітуацыі, якая склалася.
Чалы тлумачыць, чаму ў Беларусі растуць даходы
У новым выпуску праграмы «Чалы: эканоміка» аналітык Сяргей Чалы звярнуў увагу на паскарэнне росту даходаў беларусаў. У чэрвені рэальная заработная плата павялічылася на 11,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а ў ліпені — на 15,4%. Гэта самы высокі тэмп росту з кастрычніка мінулага года.
Сяргей Чалы адзначае, што часткова такі хуткі рост даходаў тлумачыцца складанай сітуацыяй на рынку працы, але гэта не адзіны фактар. Павышэнне даходаў насельніцтва таксама звязана з палітыкай ураду перад наступнымі прэзідэнцкімі выбарамі. Расце ўзровень спажывецкага крэдытавання. Насельніцтва актыўна карыстаецца крэдытамі для пакрыцця спажывецкіх патрэб. Запазычанасць па спажывецкіх крэдытах дасягнула гістарычнага максімуму — за 12 месяцаў яна вырасла на 42,4%.
«Гэта сведчыць пра павышэнне ўпэўненасці ў заўтрашнім дні», — адзначае Чалы. Аднак на дынаміку ўплываюць таксама псіхалагічныя фактары: беларусы імкнуцца скарыстацца спрыяльнымі ўмовамі цяпер.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: mapbelarus