Часопіс Forbes апублікаваў рэйтынг 50 найбуйнейшых замежных кампаній у Расеі па выніках працы за 2023 год. У яго трапілі чатыры кампаніі з Беларусі. На гэта звярнула ўвагу «Эканамічная газета». Аналітыкі з Forbes звяртаюць увагу, што на змену заходняму бізнесу, які сышоў з Расеі, прыходзіць кітайскі. Акрамя таго, пашыраецца прысутнасць там беларускага бізнесу. Калі ў 2022 годзе ў рэйтынг не трапіла ніводная кампанія з Беларусі, то праз год іх было дзве — «БелАЗ Холдынг» і група Santa. Цяпер да спісу далучыліся: Беларускі металургічны завод і МАЗ.

Узначаліў рэйтынг вытворца легкавых аўтамабіляў Chery з Кітая, прадаўшы на расейскім рынку больш за 220 тысяч аўтамабіляў. На другім месцы — японскі вытворца тытунёвых вырабаў JT Group. На трэцім — амерыканская тытунёвая кампанія Philip Morris International. (паводле НН)
Старадаўнюю сядзібу выставілі на таргі за 40 рублёў
У пасёлку Першамайск Уздзенскага раёна выставілі на продаж флігель былой сядзібы роду Завішаў. Яго гатовы прадаць за сімвалічныя 40 рублёў. Пра гэта паведамляе партал Realt.by.
Будынак плошчай 210 кв. м узвялі ў 1891 годзе з цэглы і бутавага каменя ў класічным стылі. У дадатак да будынка ідзе зямельны ўчастак плошчай 19 сотак. Той, хто пераможа ў аўкцыёне, зможа змяніць мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка і выкарыстоўваць яго для размяшчэння адміністрацыйных, грамадскіх і нават жылых аб’ектаў. Абавязковая ўмова пакупкі – выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ цягам 7 гадоў. Таргі пройдуць у электронным выглядзе 30 верасня. У лютым будынак ужо спрабавалі прадаць, але беспаспяхова.
Суседзі занялі нішу, у якой Беларусь магла быць адным з лідараў
Эстонія, Літва і Польшча летась сталі найбуйнейшымі экспарцёрамі зборных драўляных дамоў у свеце. Хоць пры гэтым выручка кампаній знізілася ў параўнанні з 2022 годам. Паводле экспертаў, экспарцёры пацярпелі з прычыны эканамічнага спаду ў Скандынавіі.
Першае месца на экспартным рынку зборных драўляных дамоў заняла Эстонія, яе выручка склала 390 мільёнаў еўра. Літва мае 164 мільёны еўра і другое месца, а Польшча на трэцяй пазіцыі і 142 мільёны еўра. Летась Эстонія займала 21,5% рынку, Літва – 9,3%, а Польшча – 8%, піша выданне «Беларусы і рынак».
Цыгарэты ў Польшчы падаражэюць. Урад непахісны
Міністэрства фінансаў хоча ўвесці павышэнне акцыз на тытунёвыя вырабы ў два этапы: з 1 студзеня і 1 траўня 2025 года – паведамляе „Rzeczpospolita”.
Такім чынам будзе рэалізаванае ранейшая заява аб павышэнні стаўкі акцыз на тытунёвыя вырабы на 25%. Згодна з Законам аб акцызах, графік штогадовага павышэння стаўкі прадугледжваў рост стаўкі толькі на 10% з пачатку кожнага года да 2027 года. Такая схема, якая распаўсюджваецца і на алкаголь, называецца «акцызнай дарожнай картай».
Беларускае Радыё Рацыя






