BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі экспарт у Індыю вырас амаль у шэсць разоў

Статыстыку знешняга гандлю за першае паўгоддзе вывучыла выданне Myfin.by. Аказалася, што ў экспарце самыя вялікія страты зафіксаваныя ў гандлі з Бразіліяй і Турцыяй. Да прыкладу, пастаўкі ў Бразілію склалі 1 мільён 350 тысяч даляраў, а год таму было больш за 46 мільёнаў. Таксама прасеў экспарт у Арменію, пастаўкі ўпалі на 59%. Затое ў гандлі з Індыяй экспарт вырас у 5,6 разу, наблізіўшыся да 42,5 мільёнаў даляраў.

Прыгадаем, што занепакоенасць вынікамі знешняга гандлю раней выказалі ва ўрадзе і асабіста Аляксандр Лукашэнка. Са слоў апошняга вынікае, што за пяць месяцаў бягучага года знешні гандаль пайшоў у мінус амаль на 800 мільёнаў даляраў.

У Беларусі адкрыюць новы велазавод

У Гародні запусцяць вытворчасць сучасных веласіпедаў. Праектам зоймецца кампанія «Веласіпеды Макстэр», паведамляе Office Life. Вытворчасць запусцяць у свабоднай эканамічнай зоне «Гродна», на плошчах ААТ «Радыёхваля», якія возьмуць у арэнду.

Сумарны аб’ём інвестыцый ацэньваецца ў 3 млн еўра. Тэрміны рэалізацыі праекта пакуль не агучаныя. Заяўлена, што вытворчасць будзе імпартазамяшчальнай, а ў сярэднетэрміновай перспектыве прадукцыя будзе пераважна пастаўляцца на экспарт. Пакуль жа ровары выпускаюць толькі на «Мотавелазаводзе».

Жніво ў Гомельскай вобласці з крадзяжом і п’янствам

Ініцыятыва BELPOL апублікавала справаздачу ДАІ Гомельскага аблвыканкама за 1–7 жніўня, у якой зафіксаваныя парушэнні падчас уборачнай кампаніі.

У дакуменце гаворыцца, што супрацоўнікі ДАІ зафіксавалі 17 фактаў кіравання транспартным сродкам без правоў, 12 выпадкаў язды ў стане алкагольнага ап’янення, два факты язды на транспарце з тэхнічнымі няспраўнасцямі і на незарэгістраваным транспартным сродку. 14 кіраўнікоў гаспадарак дапусцілі да ўборкі няспраўны транспарт. На дарогах Гомельскай вобласці лавілі работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, якія кралі камбікорм, угнаенні, збожжа, муку, дызельнае паліва і шланг ад апарата машыннага даення. Усяго было зарэгістравана 83 правапарушэнні.

Што будзе з моднай імперыяй Армані пасля яго смерці

Мадэльер і бізнесмен Джорджыа Армані быў адзіным буйным акцыянерам Armani Group. У мінулым годзе кампанія прынесла даход у $2,7 млрд. Канчатковай яснасці ў пытанні далейшага лёсу моднай імперыі пакуль няма: завяшчанне Армані агучаць на працягу бліжэйшых тыдняў.

Дзяцей, якія маглі б атрымаць у спадчыну бізнес, мадэльер пасля сябе не пакінуў. Як піша Reuters, ён заўсёды клапаціўся аб незалежнасці створанай ім з нябожчыкам-партнёрам кампаніі і заўсёды адпрэчваў прапановы аб магчымым продажы. У апошнія гады ён кіраваў бізнесам разам з даверанымі чальцамі сям’і і даўнімі калегамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.