Трамп зняў санкцыі з беларускага калію, але ў ЗША ён пакуль не даехаў. Па выніках студзеня агульны аб’ём амерыканскага імпарту ўгнаенняў склаў 794,2 мільёны даляраў. У пяцёрцы лідараў па пастаўках: Канада (амаль 310 мільёнаў даляраў), Расея (117,4 мільёнаў даляраў), Катар, Алжыр ды Ізраіль.

У снежні спецпасланнік па Беларусі Джон Коўл паведаміў, што ЗША знімаюць санкцыі з беларускага калію. Але на гэты час беларуская прадукцыя так і не трапіла на амерыканскі рынак, піша выданне «Беларусы і рынак».
У многіх беларускіх крамах вывесілі спіс “недружалюбных краін”
Спіс недружалюбных краін нядаўна заўважылі ў краме «Грошык» у Менску. Звязана гэта з тым, што з 1 красавіка прыпыняецца продаж піва з гэтых краін. У спісе, акрамя еўрапейскіх дзяржаў, ёсць Аўстралія, Новая Зеландыя, Канада, ЗША ды іншыя.
Паводле прынятай урадам пастановы, тое піва, якое ўжо завезлі ў Беларусь, дазволена прадаваць. Аднак на ўсе бутэлькі трэба нанесці спецыяльную маркіроўку. Пастаўкі піва з так званых недружалюбных краін забаронены да 2027 года.
Названы самы дарагі горад Еўропы
Цюрых, паводле версіі партала Numbeo, у пачатку бягучага года захаваў статус самага дарагога па кошце жыцця еўрапейскага горада, піша Myfin. У першую дзясятку ўвайшлі агулам шэсць гарадоў Швейцарыі. Акрамя Цюрыха, гэта Жэнева, Базэль, Лазанна, Лугана і Берн. Таксама ў топ-10 увайшлі Рэйк’явік, Осла, Лондан і Капенгаген.
Менск – адзін з самых танных гарадоў на кантыненце. Па сукупнасці крытэрыяў ён заняў 207-е з 213 месцаў.
Пагроза для сусветнага суднаходства
Калі ў ключавых сусветных нафтагандлёвых вузлах – Сінгапуры і Фуджэйры (ААЭ) – скончыцца мазут, суда не змогуць запраўляцца і працягваць рэйсы.
Як адзначае Bloomberg, на фоне ўзмацнення канфлікту на Блізкім Усходзе парушылася традыцыйная залежнасць паміж коштамі нафты і мазуту. Пры кошце нафты маркі Brent на ўзроўні $100 за барэль мазут у Сінгапуры прадаецца прыкладна па $140 за барэль, а ў Фуджэйры – амаль па $160.
Адна з прычын дэфіцыту – закрыццё Армузскага праліва, праз яго праходзіць вялікі аб’ём сусветных паставак нафты і мазуту, які вырабляюць на НПЗ Саудаўскай Аравіі, Кувейта і ААЭ. Па звестках Міжнароднага энергетычнага агенцтва, на гэтыя заводы прыпадае каля 20 працэнтаў сусветнага экспарту мазуту, піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: belsat.eu.






