Праект па стварэнні сумеснага марскога порта Беларусі і Прыморскага краю чакае зніжэння банкаўскай стаўкі, ён нікуды не адкладзены, заявіў журналістам у Менску губернатар рэгіёна Алег Кажамяка пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае Sputnik.

– Мы праекты па порце нікуды не прыбіраем, адклалі проста. Таму што цяпер рэальна высокая банкаўская стаўка, якая, безумоўна, ляжа на інфраструктуру, на кошт транзіту, таму зараз пачакаем, але прыйдзе час, калі яна знізіцца да разумных межаў, — сказаў Алег Кажамяка.
Раней Уладзімір Пуцін заяўляў, што на Далёкім Усходзе можа з’явіцца новы глыбакаводны порт пры ўдзеле Беларусі і КНР. Ён таксама падкрэсліваў, што Беларусь прадметна разглядае развіццё партовай інфраструктуры і тэрміналаў на Кольскім паўвостраве, які з’яўляецца часткай Паўночнага марскога шляху.
Базавая інфляцыя ў лютым склала 5,8%
Базавая інфляцыя у лютым 2025 года склала 5,8% у гадавым выражэнні, вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцыйных працэсаў. У студзені гэты паказчык быў на ўзроўні 5,7%, у снежні 2024-га — 5,5%.
Ад пачатку гэтага года цэны выраслі на 2%: харчовыя тавары сталі даражэй на 1,6%, нехарчовыя — на 1%, паслугі — на 4%. На нарадзе 28 лютага Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сістэмай рэгулявання цэн.
На другасным рынку жылля ў Менску ўзнік дэфіцыт кватэр
Прапанова кватэр на другасным рынку ў Менску значна знізілася. Асабліва не хапае аднапакаёвак. Гэта ўжо прывяло да росту цэн на жыллё ў лютым.
Эксперты гавораць, што такая сітуацыя склалася з-за нечаканага росту попыту на кватэры ў канцы зімы, піша realt.by. У лютым у Менску было зафіксавана больш за 1,5 тысячы здзелак куплі-продажу кватэр. Гэта амаль на трэць больш, чым у студзені. Такі бум на рынку ўтварыўся з-за рэзкага зніжэння курса даляра, што зрабіла кватэры больш даступнымі. Акрамя таго, пакупнікі баяліся, што стаўкі па крэдытах на нерухомасць зноў вырастуць, што ў выніку і адбылося.
На сёння аднапакаёвых кватэр на продаж у сталіцы ўжо не хапае, затое ў лідары па продажах выйшлі двухпакаёўкі. Цэны на якасныя кватэры за люты выраслі на 1,5%, піша Office Life.
Tesla Ілана Маска страціла 15% рынкавага кошту за адзін дзень
Усяго за месяц яна патаннела на 36%. Гэта звязана як з ростам канкурэнцыі на рынку, так і з байкотам яе прадукцыі спажыўцамі абапал акіяну — у адказ на пазіцыю Маска па Украіне. У дадатак рынкі баяцца, што гандлёвыя войны, распачатыя Трампам, прывядуць да падзення эканомікі.
10 сакавіка падалі ўсе фондавыя індэксы ЗША, пры гэтым Tesla была лідарам падзення. Падзенне адбылося на наступны дзень пасля таго, як Трамп у нядзелю двухсэнсоўна адказаў на пытанне аб магчымым спадзе эканомікі, — піша выданне The Wall Street Journal, якое цытуе «Наша Ніва».
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: Вікіпедыя (порт Прыморска).