Нацыянальны банк аб’явіў конкурс на новы графічны знак беларускага рубля. Як паведамілі ў прэс-службе рэгулятара, за найлепшы эскіз прадугледжана ўзнагарода ў памеры 3 тысяч рублёў. Мэта конкурсу — стварыць арыгінальны і вядомы сімвал афіцыйнай грашовай адзінкі Беларусі.

У конкурсе на найлепшы графічны знак рубля могуць удзельнічаць беларусы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне. Сярод асноўных крытэрыяў – эскіз павінен быць кароткім, унікальным, простым, універсальным, захоўваць свой знешні выгляд нават пры змене памеру і ў чорна-белым выкананні. Вынікі конкурсу плануецца аб’явіць да канца гэтага года, піша Office Life.
У Беларусі сёлета неўраджай яблыкаў
Пра гэта заявіў прэм’ер Аляксандр Турчын. «У цэлым у краіне каля 40% ад узроўню мінулага года аб’ём вытворчасці яблыкаў», — удакладніў ён. Напрыклад, у адной з фермерскіх гаспадарак у Маладзечанскім раёне, дзе Турчын нядаўна пабываў, ураджай яблыкаў складзе толькі дзясятую частку ад леташняга. У гэтай сітуацыі ўрад збіраецца запусціць спецыяльны крэдыт для падтрымкі фермераў.
Раней на праблему магчымага недахопу яблыкаў звяртаў увагу старшыня Берасцейскага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Чыноўнік канстатаваў, што пасля трох хваляў вясновых замаразкаў вельмі сур’ёзна пацярпелі сады.
З 1 верасня ў Беларусі на паўгода ўвялі ліцэнзаванне вывазу яблыкаў, піша news.zerkalo.io.
Zara, Bershka і Massimo Dutti вярнуліся ў Расею акольнымі шляхамі
Расейскі рэтэйлер «Тваё», якім валодае прадпрымальнік з беларускімі каранямі Ігар Юшкевіч, пачаў прапаноўваць праз свае гандлёвыя кропкі брэнды Zara, Bershka і Massimo Dutti.
Як піша “Беларусы і рынак”, іспанская група Inditex, якае валодае гэтымі брэндамі, прыпыніла працу сваіх крам у Расеі ў сакавіку 2022 года – пасля пачатку баявых дзеянняў на Украіне. Тады частку крам зачынілі, а некаторыя – перадалі ліванскай Daher Group. Яна перазапусціла продаж адзення пад новымі назвамі, але асартымент заставаўся такім жа. Так Zara стала Maag, Pull&Bear перайменаваўся ў Dub, Bershka транфсфармавалася ў Ecru, а Stradivarius зараз называецца Vilet. Цяпер жа кампанія Ігара Юшкевіча запусціла праект «Тваё і Ко» і адкрыла 9 крам у буйных расейскіх гарадах, у якіх прадаецца адзенне вядомых мас-маркетаў.
У рэйтынгу мільярдэраў Forbes з’явіўся яшчэ адзін беларус
Ураджэнец Менска Ігар Тульчынскі стаў другім беларусам у самым прэстыжным глабальным рэйтынгу мільярдэраў Forbes. Ён – заснавальнік і генеральны дырэктар хэдж-фонду WorldQuant, яго асабісты маёнтак складальнікі рэйтынгу ацанілі ў $1,7 млрд. Ігар Тульчынскі нарадзіўся ў 1966 годзе, а ўжо ў 1977-м яго сям’я эмігравала ў ЗША. Так што ён – увасабленне той самай “амерыканскай мары”, калі чалавек зрабіў сябе сам. І, вядома, ён з’яўляецца грамадзянінам ЗША.
Раней у гэтым рэйтынгу ўжо быў адзін беларус – уладальнік Sodrugestvo Group Аляксандр Луцэнка. У 2024 годзе кошт актываў Луцэнкі і яго жонкі перавышаў, паводле ацэнкі Forbes, $2 млрд.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com.






