Беларускі рынак працы за апошнія пяць гадоў страціў 152,5 тысячы чалавек. Такія дадзеныя прыводзяцца ў дзяржаўнай праграме «Збалансаваны рынак працы» на 2026–2030 гады, пастанова аб зацвярджэнні якой апублікаваная сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. За дзесяць гадоў страты яшчэ большыя.

Паводле дакумента, у мінулым дзесяцігоддзі занятыя ў эканоміцы неаднаразова скарача́ліся: калі ў 2016–2020 гадах іх колькасць змяншылася на 86 тысяч чалавек, то з пачатку 2021-га па чэрвень 2025 года — ужо на 152,5 тысячы.
Аўтары праграмы падкрэсліваюць, што сістэмнай праблемай для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця становіцца старэнне насельніцтва. У 2026–2030 гадах на рынак працы будзе прыходзіць малалікае пакаленне, народжанае ў 1990–2010 гадах, тады як сыходзіць з яго будуць людзі, народжаныя ў 1960-я.
«Амаль кожны пяты работнік у краіне набліжаецца да пенсійнага ўзросту або ўжо дасягнуў яго. Паводле прагнозаў, агульная патрэба ў кадравым замяшчэнні ў найбліжэйшыя пяць гадоў складзе больш за 300 тысяч работнікаў», — адзначаецца ў праграме.
У 2026–2030 гадах сітуацыю на рынку працы будзе вызначаць далейшае змяншэнне колькасці насельніцтва працаздольнага ўзросту. Чыноўнікі прагназуюць і далейшае зніжэнне колькасці занятых у эканоміцы.
У якасці адказу на выклікі прапануецца паскорыць выхад моладзі на рынак працы, пашыраць узроставыя рамкі найму, а таксама забяспечваць міграцыйны прырост не менш за 10 тысяч чалавек на год.






