BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі ВУП вырас на 2,1%

У першай палове года, па звестках Белстата, валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся на 2,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Паводле першай ацэнкі, аб’ём ВУП у дзейных цэнах склаў 129,4 мільярда рублёў. У супастаўных цэнах гэта 102,1% да ўзроўню першага паўгоддзя мінулага года.

Другі энергаблок БелАЭС адключылі ад сеткі з-за сігналізацыі

16 ліпеня на Беларускай атамнай электрастанцыі другі энергаблок быў адключаны ад энергасеткі. Гэта адбылося пасля таго, як спрацавала сігналізацыя, што зафіксавала адхіленні ў працы сістэмы астуджэння генератара. Гаворка ідзе пра няядзерную частку блока.

У Міністэрстве энергетыкі паведамілі, што сітуацыя з’яўляецца штатнай і не нясе пагрозы бяспецы. Узровень радыяцыі на станцыі і ў навакольнай зоне не змяніўся, а падача электраэнергіі спажыўцам не перапынялася. Цяпер на другім блоку праводзіцца дыягностыка, каб аднавіць працу электратэхнічнага абсталявання.

Беларускія прадпрыемствы забяспечваюць расейскі ВПК

У распараджэнні ўкраінскай прыватнай разведвальнай кампаніі “Dallas” аказаліся дакументы, якія пацвярджаюць ключавую ролю беларускіх прадпрыемстваў у забеспячэнні расейскага ВПК крытычнымі кампанентамі для вытворчасці ракет і сістэм узбраення. Гэта чарговы доказ таго, што рэжым у Менску далучыўся да праграмы імпартазамяшчэння расейскага ВПК, калі з-за санкцый Крэмль страціў доступ да заходніх мікрасхем.

Сярод беларускіх прадпрыемстваў называюцца:

ААТ “Інтэграл” – найбуйнейшы вытворца мікрасхем у Беларусі;

ААТ “Віцебскі завод радыёдэталяў “Маналіт””;

ААТ “Пеленг”;

ААТ “КБ “Дысплей” ды іншыя.

Яны вырабляюць мікрасхемы, кандэнсатары, стабілізатары, аптычныя сістэмы, якія ідуць на расейскія ракеты, сістэмы СПА і авіяцыйную тэхніку.

Беларусь і Тайланд зацікаўленыя ва ўсталяванні бязвізавага рэжыму

Узаемная зацікаўленасць у тым, каб як мага хутчэй падпісаць пагадненні аб бязвізавым рэжыме і аб арганізацыі прамых авіязносін, была выказаная ў Бангкоку на сустрэчах міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова са спікерам парламента Тайланда і кіраўніком МЗС гэтай краіны. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, візіт Рыжанкова стаў першым у гісторыі двухбаковых стасункаў.

Паводле інфармацыі на сайце амбасады Беларусі ў В’етнаме, якая курыруе таксама стасункі з Бангкокам, у 2021 годзе двухбаковы абарот склаў 134,9 млн долараў (беларускія пастаўкі — 94,8 млн). Аснову беларускага экспарту ў Тайланд тады складалі пушна-футравая сыравіна, малочная сыроватка, тэхнічны вуглярод. Вядучыя пазіцыі імпарту: шыны, вылічальная апаратура, арэхі і садавіна, палімеры этылену, тэкстыль.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: mlyn.by.