BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі вытворца расходнікаў для медыцыны выйшаў на рынак ЗША

Кампанія “Асамедыка”, рэзідэнт “Вялікага каменя”, упершыню ў гісторыі беларускай медыцынскай галіны атрымала сертыфікат Упраўлення па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША (FDA). Яна ўжо пачала пастаўляць прадукцыю на амерыканскі рынак. Кампанія ўжо два дзясяткі гадоў спецыялізуецца на вытворчасці расходных медыцынскіх матэрыялаў. Сярод яе прадукцыі – дыхальныя мяшкі, медыцынскія паветраводы і катэтары, іншыя тавары. У асартыменце ёсць таксама розныя экспрэс-тэсты.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц

Новы статус даў магчымасць кампаніі выйсці на рынак ЗША, а таксама істотна пашырыць экспартную геаграфію, у тым ліку ў Канаду, краіны Блізкага Усходу, Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, піша Office Life.

Колькі пустых дамоў прадалі ў Беларусі ў 2025 годзе

Летась у Беларусі прадалі 2 тысячы пустых дамоў, у тым ліку за адну базавую велічыню, якая тады складала 42 рублі. Акрамя таго, яшчэ 5 тысяч пустых дамоў знеслі. Улады ўдакладняць, што зносяць тыя дамы, якія немагчыма аднавіць і якія не ўяўляюць цікавасці для продажу або пакупкі. У выніку вызваленыя ўчасткі перадаюцца або грамадзянам, якія гатовы іх апрацоўваць, або сельскагаспадарчым арганізацыям.

Цяпер у Адзіным рэестры пустых дамоў сабраны звесткі пра амаль 49 тысяч такіх аб’ектаў.

Heineken скарачае да 6 тысяч супрацоўнікаў

Галандскі піваварны гігант Heineken абвясціў пра намер скараціць да 6 тысяч працоўных месцаў па ўсім свеце на працягу наступных двух гадоў. Як адзначае The Guardian, гэта складае амаль 7% ад агульнай колькасці персаналу кампаніі. Кампанія ідзе на гэты крок на фоне зніжэння попыту на піва і складанай сітуацыі на рынках. Паводле кіраўніцтва, меры будуць рэалізоўвацца ў Еўропе і іншых рэгіёнах прысутнасці кампаніі, піша “Наша Ніва”.

Другая па велічыні ў свеце піваварная кампанія (па рынкавым кошце) таксама панізіла прагнозы росту прыбытку на 2026 год. Heineken чакае рост прыбытку ў дыяпазоне ад 2% да 6%, што значна ніжэй за раней прагназаваныя на мінулы год паказчыкі ў 4—8%.

У Польшчы расце попыт на тавары “з другой рукі”

Упершыню за 17 гадоў у Польшчы расце колькасць крам з патрыманымі таварамі. Аднак асноўным рухавіком рынку з’яўляюцца інтэрнэт-крамы, дзе продажы такіх тавараў выраслі на 25 працэнтаў за тры гады. Паводле выдання Rzeczpospolita, да 2029 года ўжываным будзе кожны трэці прадмет адзення, набыты ў Польшчы. Газета спасылаецца на даследаванне рынку, праведзенае аналітычнай кампаніяй Dun & Bradstreet. Таксама расце продаж ужываных кніг, пласцінак і ўжыванай мэблі.

Бум пацвярджаюць і платформы продажаў. «За апошнія тры гады продажы патрыманых тавараў на OLX павялічыліся на 25%, і рынак можа працягваць расці прыкладна на 15% штогод», – кажа прэс-сакратар платформы OLX Каміль Шаблоўскі.

Беларускае Радыё Рацыя