BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія аўтобусы ўсё менш карыстаюцца попытам у Расеі

У студзені — верасні Менскі аўтамабільны завод прадаў на расейскім рынку ў 1,7 разу менш новых аўтобусаў, чым годам раней. Агулам за дзевяць месяцаў прадалі на рынку РФ 192 аўтобусы беларускай вытворчасці.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц

Як піша «Позірк», агулам буйныя прамысловыя прадпрыемствы — БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ, а таксама канцэрны “Белнафтахім” і “Беллеспаперапрам” — не выканалі заданні па пастаўках прадукцыі ў Расею. Пра гэта, паводле паведамлення беларускай амбасады ў Маскве, ішла гаворка на нядаўнім пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў Расею.

Belavia запускае два прамых рэйса ў Тайланд

Пра запуск адразу двух новых рэйсаў на курорты Тайланда аб’явіла авіякампанія Belavia. Як гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, прамыя палёты ў Паттайю і Пхукет пачнуцца ў пачатку студзеня. Пакуль што білеты на абодва рэйсы можна будзе набыць у тураператараў у складзе турыстычнага пакета. Гэта значыць, гэтыя рэйсы не з’яўляюцца рэгулярнымі.

Нядаўна авіякампанія адкрыла чартарны маршрут у егіпецкі Шарм-эль-Шэйх з Магілёва. Раней беларускія чартары пачалі прамыя палёты ў В’етнам і Шры-Ланку.

Колькі зарабляе польскі настаўнік? 

Дзень настаўніка ў Польшчы адзначаецца 14 кастрычніка. З гэтай нагоды Статыстычнае ўпраўленне ў Варшаве апублікавала дадзеныя, паводле якіх летась сярэдняя колькасць занятых у сферы адукацыі ў сталіцы складала амаль 91 тысячу чалавек, а іх сярэднямесячны заробак брута складаў 9 тысяч 277 злотых. Аднак калі глянуць на сярэднія лічбы па Мазавецкім ваяводстве, то гэта ўжо 8 тысяч 675 злотых брута. Аднак у сталіцы і на Мазоўшы заробкі традыцыйна больш высокія.

Агулам у Польшчы ад 1 студзеня 2025 года мінімальная стаўка складае 5 153 злотых брута для настаўнікаў-пачаткоўцаў, 5 310 злотых для намінаваных настаўнікаў і 6 211 злотых для дыпламаваных настаўнікаў. Настаўнікі патрабуюць павышэння заробкаў, каб яны адпавядалі агулам сярэднім заробкам па краіне. Міністр адукацыі кажа, што ў бюджэце няма сродкаў.

Цана на срэбра ўпершыню ў гісторыі перавысіла $50 за ўнцыю

Біржавыя цэны на срэбра зноў абнавілі гістарычны максімум. Ф’ючарсы на срэбра з пастаўкай у снежні падаражэлі на біржы Comex на 6,03% і падняліся да $50,095 за ўнцыю. Вышэй за адзнаку $50 унцыя срэбра паднялася ўпершыню ў гісторыі.

Цэны на срэбра ўзляцелі да новых рэкордных узроўняў пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў увядзенне з 1 лістапада пошлін на імпарт з Кітая памерам 100% звыш тых, што дзейнічаюць цяпер.

Беларускае Радыё Рацыя