BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія банкі дэманструюць рэкордныя прыбыткі

Фінансавы сектар Беларусі знаходзіцца ў добрым стане. Тэмпы росту прыбытку банкаў сёлета сведчаць пра тое, што пры іншых роўных умовах вынік мінулага года будзе пабіты.

Як прыгадвае сайт banki24.by, за 2024 год беларускія банкі зарабілі рэкордны прыбытак за ўвесь перыяд замераў – амаль 3 мільярды 600 мільёнаў беларускіх рублёў, і гэта ў чатыры разы больш за прыбытак будаўнічага сектару і ў два разы больш за прыбытак рытэйла і прыбытак лічбавага сектару. Павялічылася і якасць банкаўскіх актываў на фоне актыўнай дынамікі партфеля каштоўных папер.

Адзначаецца, што ў бягучым годзе банкі б’юць рэкорды па крэдытаванні фізічных асоб. Да 1 сакавіка абавязацельствы насельніцтва перад банкамі перавысілі 27,3 мільярда рублёў, абнавіўшы гістарычны максімум.

Каму і ў якіх гарадах Беларусі зараз прасцей знайсці працу

Дзве траціны прапаноў працы ў агульнарэспубліканскім банку вакансій – працоўныя прафесіі, або так званыя «сінія каўнерыкі». А самая высокая канкурэнцыя – сярод офіснага персаналу, распавялі ў Мінпрацы. Сярод працоўных спецыяльнасцяў самыя запатрабаваныя – вадзіцелі, прадаўцы, электраманцёры, слесары-сантэхнікі. Высокі попыт таксама на медработнікаў і інжынераў.

Што тычыцца рэгіёнаў, то больш за чвэрць свабодных працоўных месцаў, асабліва ў сферы IT, гандлі і медыцыне, засяроджана ў Менску. Многія наймальнікі таксама шукаюць работнікаў у Менскай і Берасцейскай абласцях.

ЗША ўвялі пошліны 104% на тавары з Кітая

ЗША ўвялі пошліны памерам 104 працэнты на кітайскія тавары. Яны ўступілі ў сілу апоўначы 9 красавіка па амерыканскім часе, заявіла на брыфінгу прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт.

Кітай дапусціў памылку, калі прыняў меры ў адказ. Калі Амерыцы наносяць удар, яна адказвае больш моцным ударам.

Левіт дадала, што Дональд Трамп чакае, што Кітай пойдзе на перамовы. Прыгадаем, што 2 красавіка Трамп абвясціў пра ўвядзенне “люстраных” пошлін у памеры ад 11% да 50% у дачыненні да ўсіх тавараў, што імпартуюцца ў ЗША. На Кітай пошліны першапачаткова складалі 34%, але Пекін таксама ўвёў такую ж пошліну ў адказ.

Расейская нафта з пачатку красавіка патаннела больш як на 15%

Кошт расейскай нафты Urals наблізіўся да 50 даляраў за барэль. Пры гэтым расейскі бюджэт звярстаны, зыходзячы з сярэдняй цаны нафты Urals 69,7 даляра за барэль і сярэдняга курсу даляра ў 96,5 рубля. У Крамлі заявілі, што ўважліва сочаць за сітуацыяй. У сваю чаргу кіраўнік расейскага Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна адзначыла, што пры неабходнасці Банк Расеі падстрахуе бюджэт краіны, які зараз паказвае значны дэфіцыт, піша Office Life.

У аўторак, 8 красавіка, сусветныя цэны на нафту выраслі прыкладна на 1%, яны надалей не стабільныя. Змены на нафтавым рынку адбываюцца на фоне гандлёвай вайны, развязанай Злучанымі Штатамі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: inventure.com.ua.