BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія экспарцёры адчулі цяжкасці на расейскім рынку

Беларускім пастаўшчыкам стала цяжэй працаваць на расейскім рынку з прычыны канкурэнцыі з боку экспарцёраў з трэціх краін. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” распавёў міністр эканомікі Юрый Чабатар.

Па яго словах, першапачаткова зыход з Расеі шэрагу буйных заходніх экспарцёраў адкрыў перад айчыннымі пастаўшчыкамі вялікія перспектывы. Але гэтыя перспектывы адкрыліся і для іншых дзяржаў, што стварыла вялікую канкурэнцыю. Міністр назваў галоўнымі супернікамі беларускіх экспарцёраў у Расеі кампаніі з Турцыі і Кітая, але дадаў, што пакуль беларуская прадукцыя надалей карыстаецца высокім попытам на расейскім рынку, экспарт паказвае станоўчую дынаміку. Тым не менш, беларускія экспарцёры атрымалі задачу не зацыклівацца на Расеі, а развіваць такія напрамкі як Азія і Афрыка. (паводле myfin.by)

Што стрымлівае рост беларускай эканомікі?

Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця назвалі галіны, якія стрымліваюць рост беларускай эканомікі. Стрымліваючы ўплыў на рост валавога ўнутранага прадукту аказваюць грузаперавозкі, аб’ём якіх скараціўся за год амаль на 18 працэнтаў, а таксама тармозяць рост інфармацыйныя і камп’ютарныя паслугі.

У той жа час асноўным драйверам росту стала прамысловая вытворчасць, якая павялічылася амаль на восем працэнтаў год да года, забяспечыўшы больш за палову прыросту беларускай эканомікі ў 2023 годзе. Пазітыўны ўклад таксама ўнеслі гандаль і павелічэнне інвестыцый у асноўны капітал.

На 2024 год эксперты прагназуюць рост ВУП Беларусі на два працэнты, піша тэлеграм DW.

Імпарт украінскай сельгаспрадукцыі будзе абмежаваны

Еўракамісія ўжо на гэтым тыдні ўнясе змены ў гандлёвае заканадаўства, што дазволіць суседнім з Украінай дзяржавам уводзіць абмежаванні на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі, піша Office Life, спасылаючыся на словы еўракамісара па гандлі Валдыса Дамброўскіса ў выданні Financial Times.

Прыгадаем, што летась у верасні Еўракамісія не прадоўжыла эмбарга на пастаўкі зерневых з Украіны ў Баўгарыю, Венгрыю, Польшчу, Румынію і Славакію. У той жа час прадстаўнікі Польшчы, Венгрыі і Славакіі абмежавалі ўвоз украінскага зерня на нацыянальных узроўнях і выйшлі з адпаведнай каардынацыйнай платформы. У адказ Украіна падала скаргу ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Кіеў заяўляў, што блакіроўка ўкраінскага зерня можа каштаваць яму да 230 мільёнаў даляраў у месяц.

У Францыі прадаюць з аўкцыёну яхту з залатым корпусам, якая нібыта належала беларускаму мільярдэру

Французскае агенцтва суднавага продажу Agrasc замовіла аўкцыён супер-яхты Stefania. Судна амаль новае, піша “Радыё Свабода”. Яхту пабудавала Dynamiq, фірма з Манака. Гэта самае вялікае судна караблебудаўніка, яго даўжыня складае 41 метр, і мае характэрны афарбаваны золатам корпус. У інтэр’еры судна ёсць рэдкі карабельны камін. Яхту Stefania канфіскавалі падчас расследавання пра адмыванне грошай неназваным беларускім мільярдэрам. Падрабязнасці справы, як і імя беларуса, не раскрываюцца.

25 студзеня яхту прададуць на аўкцыёне ў жывым эфіры, які адбудзецца на верталётнай пляцоўцы Міжнароднага яхт-клубу Антыб. Чакаецца, што лот атрымае каля 8-10 мільёнаў даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tmgrup.com