BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія самазвалы асвойваюць Магадан

Самазвалы вытворчасці Беларускага аўтамабільнага завода павінны замяніць амерыканскія і японскія машыны ў Магаданскай вобласці, заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў па выніках пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве з гэтым расейскім рэгіёнам.

Паводле міністра, якога цытуюць дзяржСМІ, айчынным прадпрыемствам у цэлым неабходна “аператыўна нарошчваць” пастаўкі тэхнікі ў Магаданскую вобласць, таксама магчыма стварэнне там “мультыбрэндавага цэнтра” для гандлю беларускай прадукцыяй. Багданаў сказаў, што на пасяджэнні бакі дамовіліся “пашырыць, нарасціць аб’ёмы паставак мясамалочнай прадукцыі”. Ён таксама заявіў пра цікавасць да каштоўных металаў, якія здабываюцца ў гэтым расейскім рэгіёне, выказаўшыся, у прыватнасці, аб магчымай “золатаперапрацоўцы” ў Беларусі. (паводле “Позірк”)

Падатковая атрымае звесткі пра рахункі заможных беларусаў

Банкі будуць паведамляць у падатковую пра рахункі заможных беларусаў. Іх даныя перададуць на праверку, калі сума прыходу на рахунку перавысіць 150 тысяч рублёў за год. Гэта вынікае з інструкцыі для банкаў, якую падрыхтавала Міністэрства па падатках і зборах. Дакумент ужо апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і пачне дзейнічаць праз тры месяцы.

Згодна з пастановай, калі рахунак адкрыты ў замежнай валюце, суму пералічаць на беларускія рублі. Рознага кшталту звароты грошай, працэнты па ўкладах у гэтую суму ўлічваць не будуць. Дадзеныя за 2023 год падаткавікі чакаюць ад банкаў да 1 верасня, піша «Еўрарадыё».

Сярэдні заробак у Беларусі крыху вырас

Сярэдні налічаны заробак у краіне ў красавіку склаў 2182 рублі 50 капеек, у параўнанні з сакавіком ён вырас на 21 рубель 40 капеек.

Па сярэднім курсе даляра за красавік, гэта амаль 670 даляраў. «Чыстымі» заробак складзе 1877 рублёў, або 576 даляраў. Самая высокая сярэдняя заработная плата «бруднымі» зафіксавана ў Менску — 2942,7 рубля (903 даляры), або 2531 рубель «чыстымі» (амаль 777 даляраў). (НН)

У Польшчы разглядаюць магчымасць скараціць працоўны тыдзень

Міністэрства сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі аналізуе дзве ідэі скарачэння працоўнага часу: 35-гадзінны працоўны тыдзень або ўвядзенне бясплатных пятніц. Пра гэта заявіла для Onet кіраўнік міністэрства Агнешка Дземʼяновіч-Бонк. Паводле міністэрства, развіццё новых тэхналогій і змены на рынку працы зʼяўляюцца падставай пачаць размовы пра скарачэнне працоўнага часу палякаў.

«Мы прайшлі больш за 100 гадоў пасля ўвядзення 8-гадзіннага працоўнага дня, амаль паўстагоддзя таму суботы не аплачваліся. За гэты час шмат што змянілася. (…) Можна было б зрабіць яшчэ адзін крок, ці хаця б распачаць дыскусіі», – сказала Агнешка Дзем’яновіч-Бонк. Яна таксама адзначыла, што польскае грамадства зʼяўляецца адным з найбольш перагружаных працай у Еўропе. Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі да канца года прадставіць вынікі свайго аналізу па гэтым пытанні. (паводле PAP)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота Дзмітрыя Гладкага.