Беларускае выданне “Бюро” апублікавала расследаванне аб нелегальных пастаўках чыпаў у Расею. Схему арганізавалі беларускія бізнесоўцы. Размова ідзе пра ўладальнікаў завода SMD Baltic у Латвіі. Гэта грамадзяне Беларусі Сяргей Хвалько, Максім Богуш, Сяргей Саевец і грамадзянін Латвіі Зміцерс Радкевічс.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну латвійская кампанія аб’явіла пра спыненне паставак у Расею і Беларусь. Аднак з’явіліся шляхі абыходу санкцый. Так з’явілася “Новая электронная кампанія”, якая адпрацавала новыя маршруты па дастаўцы крытычна важных кампанентаў у Расею. Чыпы закуплялі праз кампаніі ў Казахстане, Турцыі, Кітаі і Ганконгу. У 2023 годзе НЭК імпартавала больш за 300 тысяч мікрасхем на 1,3 млн даляраў. “Новая электронная кампанія” – не адзіная фірма, задзейнічаная ў маштабнай схеме па абыходзе санкцый. У Сяргея Хвалько ёсць фірма ў Менскім раёне пад назвай “СкайГлобал”. Летась яна таксама паставіла ў Расею больш за 230 тысяч чыпаў заходніх брэндаў на 1,5 мільёна даляраў.
Беларусы прыдумалі каўбасу з бульбай унутры
Каўбасу з бульбай фры ўнутры прыдумалі ў Беларусі. Гэта вынаходніцтва Слонімскага мясакансервавага камбіната, сервелат называецца “Наш бульбаш”. “Гэта сапраўды ўнікальны прадукт, у склад якога ўваходзіць бульба фры! У разагрэтым выглядзе сервелат здольны замяніць поўнавартасны сняданак ці абед — і гэта смачна”, — запэўніваюць на прадпрыемстве. Вось як гэта выглядае.
Увогуле, беларускія прадпрыемствы любяць прыдумаць якую-небудзь незвычайную каўбасу. Напрыклад, Гомельскі мясакамбінат неяк вырабіў гіганцкую палку каўбасы дыяметрам 15 сантыметраў (і паказаў батон пад яе вагой 3 кілаграмы). А яшчэ гіганцкую метровую каўбасу вырабляў Глыбоцкі мясакамбінат. І не забываем пра гарадзенскі “каўбасуп” — пад форму каўбасы маскіруецца сумесь з булёну-жэле, гародніны і мяса, прыгадвае «Еўрарадыё».
Вельмі хутка бедным краінам будзе патрэбны трыльён даляраў праз змены клімату
Да 2030 года бедным краінам спатрэбіцца 1 трлн даляраў на год на барацьбу з наступствамі змены клімату, піша The Guardian са спасылкай на даследаванне эканамістаў.
Цяпер у азербайджанскім Баку праходзіць найважнейшая кліматычная канферэнцыя. Урады амаль 200 краін вядуць напружаныя перамовы пра тое, якое фінансаванне павінны даць багатыя краіны бедным і колькі грошай можа паступіць з іншых крыніц. Фінансаванне, пра якое ідзе гаворка, мае дапамагчы бедным краінам справіцца з экстрэмальнымі ўмовамі, якія выклікае змяненне клімату.
Тэарэтычна багатыя краіны маглі пагадзіцца даць бедным такое фінансаванне памерам 1 трыльён даляраў да 2035 года. Але даследаванне эканамістаў паказвае, што грошы могуць спатрэбіцца на 5 гадоў раней. І пакуль незразумела, ці пагодзяцца краіны наогул іх вылучыць.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: invest.latgale.lv (вытворчасць мікрасхем).






