BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускім тэатрам павялічаць фінансаванне

З 1 студзеня 2026 года ў Беларусі павялічаць нарматывы забеспячэння бягучай дзейнасці тэатраў, а таксама дзяржаўных бібліятэк. Павелічэнне фінансавання прадугледжана пастановай урада, якая ўжо апублікавана на Нацыянальным прававым партале.

Нагадаем, сёлета ў Беларусі змянілі падыходы да фінансавання дзейнасці дзяржаўных тэатраў. Стварэнне новых пастановак, правядзенне гастроляў, аплату камунальных паслуг, эксплуатацыйных расходаў і выплату заработнай платы фінансуюць напалову са сродкаў бюджэту і напалову са ўласных даходаў тэатраў. Раней гэтыя суадносіны былі 60 на 40%.

Аман інвестуе ў Беларусі

Беларусь і Аман заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве адносна будаўніцтва ў Беларусі цэлюлозна-кардоннага камбіната. Дакумент быў падпісаны падчас візіту султана Амана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда ў Менск. Агульным аб’ём інвестыцый па праекце складзе каля 1,4 млрд даляраў. Магутнасць прадпрыемства чакаецца на ўзроўні каля 800 тысяч тон прадукцыі за год.

Як раней заяўляў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, новы камбінат плануецца пабудаваць у Дуброўне на Віцебшчыне на працягу пяці гадоў. Яго плануюць выкарыстоўваць для вырашэння праблемы лішку нізкатаварнай драўніны.

Краіны АПЕК+ дамовіліся павысіць узровень здабычы нафты

Дзяржавы АПЕК+ вырашылі павялічыць здабычу нафты ў лістападзе на 137 тысяч барэляў у суткі. Такое ж павелічэнне было і ў кастрычніку. Рашэнне прынялі на фоне стабільнага глабальнага эканамічнага прагнозу і спрыяльных рыначных умоў.

Як піша Reuters са спасылкай на свае крыніцы, напярэдадні анлайн – пасяджэння краін АПЕК+ Расея і Саудаўская Аравія прытрымліваліся розных пазіцый наконт павелічэння аб’ёмаў здабычы вуглевадародаў. Так, Масква выступала за захаванне ранейшага тэмпу – 137 тыс. барэляў у суткі, пры гэтым Эр-Рыяд хацеў падвоіць, патроіць ці нават павялічыць значэнне ў чатыры разы.

Бульбы сёлета збяруць на траціну больш, чым летась

Сёлета беларусы сутыкнуліся з дэфіцытам бульбы ў крамах. На гэта ў тым ліку паўплывала ручное рэгуляванне цэн, калі прадаваць у Расею фермерам было больш выгадна, чым аддаваць у беларускія крамы. У гэтым годзе ўраджай бульбы будзе добры, кажуць на АНТ. Бульбы збяруць на траціну больш за звычайны ўзровень — амаль мільён тон.

У гаспадарцы «Рудакова» ў Віцебскай вобласці расказваюць, што і капуста ўрадзіла — ураджайнасць вышэйшая за 300 цэнтнераў з гектара. З яблыкамі ж сітуацыя менш радасная — веснавыя замаразкі загубілі ўраджай. (НН)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: turby.by (Вялікі тэатр оперы і балету ў Менску).