Цягам чацвёртага квартала 2025 года беларусы штомесяц абнаўлялі рэкорды па прытоку грошай на рублёвыя ўклады. Апошні квартал прынёс банкам 1,289 мільярда рублёў.

Апошнія некалькі гадоў працэнтныя стаўкі па ўкладах у далярах і еўра складаюць ад 0,01% да 0,1% гадавых, таму трымаць грошы ў гэтым валютах мала выгадна. А працэнтныя стаўкі па рублёвых дэпазітах застаюцца высокімі. Цяпер працэнты па безадзыўных укладах складаюць ад 14,3 да 14,8%. Разам са стабільным курсам рубля рублёвыя дэпазіты выглядаюць прывабна, піша “Наша Ніва”. Найбольш выгаднымі лічацца ўклады тэрмінам ад 13 месяцаў, паколькі прыбытак з іх не абкладаецца падаткам.
Сярэдні заробак у Беларусі бруднымі склаў $1067
Сярэдні заробак у Беларусі бруднымі склаў 3112,7 рубля, паведаміў Белстат. Калі ж браць чыстымі, то гэта будзе 2677 рублёў. У пераліку на сярэдні курс даляра за снежань – гэта будзе 918 даляраў чыстымі і 1067 даляраў бруднымі. Пры гэтым за снежань заробак заўсёды вышэйшы за кошт традыцыйных выплат у канцы года.
Беларусы будуць плаціць падатак за сувеніры з мерапрыемстваў
З 2026 года ў Беларусі ўвялі новую норму ў Падатковым кодэксе: падаткам на даходы цяпер будзе абкладацца сувенірная прадукцыя, якую людзі атрымліваюць на розных мерапрыемствах, піша Office Life.
Гаворка ідзе пра такія рэчы, як медалі, канцылярскія тавары, друкаваная прадукцыя, статуэткі, бірулькі і іншыя памятныя падарункі. Для іх устаноўлены гадавы ліміт — 259 рублёў ад аднаго арганізатара. Правіла дзейнічае толькі для сувеніраў, якія ўручаюцца як памятныя рэчы або ў прадстаўнічых мэтах. Стаўка падаходнага падатку складае 13%.
Еўразвяз вырашыў поўнасцю забараніць пастаўкі газу з Расеі
Рада ЕЗ зацвердзіла поўную забарону на пастаўкі расейскага газу ў Еўразвяз. Так, з 1 студзеня 2027 года ўступіць забарона на пастаўкі расейскага ЗПГ, а з 30 верасня 2027 – трубаправоднага газу. Да 1 сакавіка бягучага года ўсе краіны Еўразвязу павінны падрыхтаваць і прадставіць нацыянальныя планы па дыверсіфікацыі паставак газу. За невыкананне правілаў прадугледзелі вялізныя штрафы.
Паводле ацэнак Еўракамісіі, летась на расейскі газ прыйшлося каля 13% імпарту ЕЗ, гэта больш за 15 млрд еўра. Супраць адмовы ад газу з Расеі выступілі Славакія і Венгрыя.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: “Позірк”.






