BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы масава закрываюць уклады ў далярах і еўра

Беларускі рубель імкліва набірае пазіцыі ў сістэме зберажэнняў фізічных асоб. Удзельная вага рублёвых інструментаў набыла рэкорднае значэнне, вырасшы ў красавіку да 59,6%. Таксама з піку ў кастрычніку 2015 года беларусы пазбавіліся ад амаль 67% валютных укладаў. У пераліку на даляры зніжэнне рэшткаў на такіх дэпазітах дасягнула 5 мільёраў 212 мільёнаў даляраў. Гаворка ідзе пра дэпазіты, размешчаныя на пэўныя тэрміны, так званыя другія дэпазіты.

Сярод прычын сітуацыі называюцца: абмежаванні на паездкі ў Еўразвяз для большасці беларусаў, закрыццё памежных пераходаў з ЕЗ, спыненне прамых палётаў з Беларусі ў Еўразвяз, сітуацыя на ўнутраных валютных рынку ды іншыя. Як заўважае рэсурс banki24.by, калі такія тэмпы захаваюцца, то да пачатку 2030-х гадоў у беларусаў зусім не застанецца валютных укладаў. Калі толькі не будуць адмененыя або істотна аслабленыя санкцыі.

Крамам параілі знізіць гандлёвыя надбаўкі на яйкі

Мінгандлю Беларусі правяло сустрэчу з прадстаўнікамі буйных гандлёвых сетак ды імпарцёраў, абмеркаваўшы пастаўкі садавіны, гародніны і курыных яек у крамы. Па выніках сустрэчы ведамства парэкамендавала крамам знізіць гандлёвыя надбаўкі на курыныя яйкі, а таксама забяспечыць іх шырокі асартымент.

Закранулі і «бульбяное» пытанне. Міністэрства папярэдзіла, што з улікам анамальных пагодных умоў, масавы збор ураджаю маладой бульбы пераносіцца на трэцюю дэкаду чэрвеня. Абмеркавалі і тое, што рабіць, калі паўстануць праблемы з новым ураджаем, піша Оffice Life.

Казахстан стаў трэцім пастаўшчыком нафты ў Еўразвяз

Казахстан заняў трэцяе месца сярод краін – экспарцёраў сырой нафты ў Еўрапейскі звяз, штодзённа пастаўляючы туды ў мінулым годзе больш за 1 мільён барэляў нафты. Паводле статыстыкі, краіны Еўразвязу пры гэтым кожны дзень экспартавалі агулам 9,1 мільёна барэляў нафты. Найбольшыя аб“ёмы паставак  забяспечылі: ЗША, Нарвегія і Казахстан.

Як паведамлялі ўлады Казахстана, сёлета плануецца паставіць за мяжу 70,5 мільёна тон «чорнага золата», летась было каля 69 мільёнаў, заўважае выданне «Беларусы і рынак».

Публічнасць заробкаў і павышэнне дапамогі на пахаванне

Сейм Польшчы ў апошнія дні прыняў дзве пастановы. Першая з іх датычыць змен у Кодэкс аб Працы. Цяпер на этапе пошуку работнікаў працадаўца будзе абавязаны называць памер прапанавага заробку або яго дыяпазон. Другая пастанова з 2026 года павышае дапамогу на пахаванне з 4 да 7 тысяч злотых, піша money.pl.

Таксама ў апошнія дні Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы апублікавала памер медыяннага заробку ў гаспадарцы. У лістападзе 2024 года памер гэтага заробу складаў 6 тысяч 842 злотых. Гэта азначае, што палова работнікаў атрымала заробак, не вышэйшы за гэтую суму, а другая палова – не ніжэйшы за гэтую суму.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Shutterstock.