BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы выказаліся наконт кошту айчынных тавараў за мяжой

Грамадская думка асуджае продаж тавараў беларускай вытворчасці за мяжой па больш нізкіх цэнах. 68,6% рэспандэнтаў, якія прынялі ўдзел у тэматычным інтэрнэт-апытанні дзяржаўнага інфармагенцтва, лічаць “не нармальным, калі беларускі тавар прадаецца на экспарт па больш нізкіх цэнах, чым на ўнутраны рынак”. Разам з тым, 22,4% лічыць такі падыход “нармальным у выпадку, калі беларускіх вытворца заваяваў сваю долю і сегмент за мяжой”.

“Асобныя ўдзельнікі апытання” звярнулі ўвагу, што за мяжой “прадстаўлены больш шырокі асартымент тавараў асобных беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, якія выпускаюць адзенне, абутак, бялізну, а таксама па больш нізкіх цэнах прадаюцца касметыка, некаторыя лекавыя прэпараты, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, цукар, масла, яйкі”.

За 30 гадоў плошчы пад бульбу ў Беларусі скараціліся ў 4,5 разу

За 30 гадоў плошчы пад бульбу ў Беларусі скараціліся ў 4,5 разу. У 1992 годзе бульба займала 779 тысяч гектараў, а ў 2022 годзе — 173,4 тысячы.

Вытворчасць пры гэтым упала з амаль дзевяці мільёнаў тон да 3,86 мільёна тон. У пераліку на кожнага чалавека ў Беларусі летась вырабілі 341 кг бульбы, пазалетась было значна больш: 438 кг. Падзенне вытворчасці разам з нарошчваннем экспарту ў Расею справакавала мінулай зімой сапраўдны дэфіцыт бульбы.

Беларусы змогуць абіраць пастаўшчыка электраэнергіі

Міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз паведаміў, што неўзабаве беларусы змогуць выбіраць пастаўшчыкоў электраэнергіі з больш выгаднай цаной. Цяпер завяршаецца праца над стварэннем агульнага рынку электраэнергіі Беларусі і Расеі. Аб’яднанне энергарынку дасць магчымасць стварыць адзіную сістэму з агульнымі правіламі яе функцыянавання.

Пасля запуску гэтага рынку і беларускія, і расейскія спажыўцы нібыта змогуць выбіраць, у каго набываць электраэнергію. «Спажыўцы атрымаюць магчымасць выбіраць пастаўшчыкоў, якія прапануюць больш зручныя ўмовы і выгадныя цэны», — адзначыў кіраўнік Мінэнерга.

У Польшчы – рэкордная колькасць заявак на крэдытаванне жылля

Верасень прынёс адзін з самых высокіх у гісторыі паказчыкаў па колькасці заявак на крэдыты на жыллё. У верасні ў польскія банкі паступілі заяўкі на выдачу крэдытаў на жыллё на суму 18,9 млрд злотых. Кошт пададзеных заявак быў на 49% вышэйшы, чым годам раней. Пры гэтым кошт крэдытаў, якія фактычна выдаюцца банкамі, прыкладна ўдвая меншы за пададзеныя заяўкі. У жніўні былі выдадзеныя крэдыты на жыллё на суму 8,5 млрд злотых. Месяцам раней гэта было 9,35 млрд злотых.

Адзначаецца, што больш нізкія працэнтныя стаўкі стымулююць попыт на іпатэчныя крэдыты. Сёлета Рада па грашова-крэдытнай палітыцы зменшыла асноўную стаўку Нацыянальнага банка Польшчы з 5,75% да 4,75%.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.