Беларусы ў сацыяльных сетках зноў абмяркоўваюць рост цэн на гуркі. Некаторыя пакупнікі заўважылі, што кошт гародніны дасягае 15-ці рублёў за кілаграм, хоць яшчэ нядаўна было 7-8 рублёў за кілаграм. Хоць ёсць і больш танныя варыянты.

Паводле афіцыйных звестак, у студзені гуркі ў сярэднім падаражэлі на 6,6% да снежня. Гэта тлумачыцца моцнымі маразамі, з прычыны якіх вытворцам давялося траціць больш энергіі ў цяпліцах, а гэтыя выдаткі ўключаюцца ў кошт прадукцыі. Другая магчымая прычына – ураджайнасць. Калі прадукцыі менш, то цана на яе будзе больш высокай. Аднак пакуль няма дадзеных пра тое, колькі гуркоў вырасцілі ў студзені, заўважае партал “Люстэрка”.
Некалькі тысяч беларусаў пазбавіліся заробку на ўжываных машынах
Павышэнне Расеяй тарыфаў утылізацыйнага збору падарвала бізнес многіх беларусаў, якія займаліся перагонам заходніх ужываных аўтамабіляў у Расею. Асабліва папулярнай да снежня мінулага года была марка BMW, піша рэдактар “Аўтастата” Сяргей Цэлікаў.
Непасрэдна перад уступленнем у сілу новых тарыфаў адбыўся кароткачасовы ажыятаж: у лістападзе праз Беларусь у Расею завезлі 4079 аўтамабіляў. У снежні аб’ёмы абваліліся амаль у чатыры разы — да 1088 штук. У студзені сёлета пастаўкі скараціліся да 613 машын.
Схема паставак праз Беларусь актыўна выкарыстоўвалася ў апошнія гады як спосаб увозу заходніх аўтамабіляў на расейскі рынак у абыход прамых абмежаванняў. Для часткі беларускіх прадпрымальнікаў гэта стала важнай крыніцай даходу.
Дызайн банкнот еўра зменяць упершыню ў гісторыі
Еўрапейскі Цэнтрабанк афіцыйна прыступіў да працэсу абнаўлення дызайну купюр еўра. Іх знешні выгляд не мянялі з моманту ўвядзення валюты ў абарачэнне, гэта значыць з 1 студзеня 2002 года. На дзейных банкнотах еўра намаляваны прыклады еўрапейскай архітэктуры розных стыляў і перыядаў гісторыі. Цяпер разглядаюць дзве канцэпцыі.
Першая – “Рэкі і птушкі”. Па задумцы, кожная купюра атрымае свой пейзаж і прадстаўніка фаўны, а са зваротнага боку адлюструюць еўрапейскія інстытуты кіравання. Другая канцэпцыя прысвечана еўрапейскай культуры, у прыватнасці выдатным фігурам, якія змянілі навуку, мастацтва і гісторыю. Але новыя купюры з’явяцца толькі праз некалькі гадоў пасля фінальнага рашэння. Пры гэтым і старыя банкноты застануцца сапраўднымі, піша Office Life.
Імпарт угнаенняў з Расеі з ЕЗ працягваецца
Апошнія дадзеныя Еўрастата паказваюць, што хоць Еўрапейскі звяз значна скараціў закупкі ўгнаенняў з Расеі ў другой палове 2025 года, маштабы імпарту застаюцца вельмі высокімі. Пры гэтым Польшча аказалася найбуйнейшым атрымальнікам расейскіх угнаенняў, піша businessinsider.
Агулам Еўразвяз імпартаваў 4,8 млн тон угнаенняў з Расеі на суму 1,74 млрд еўра, што дало Расеі прыкладна 23% агульнага рынку ўгнаенняў ЕЗ. Польшча летась атрымала 1,8 млн тон расейскіх угнаенняў, што на 41% больш год да года.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






