BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Белавія» збіраецца купіць тры самалёты  ў абыход санкцый

«Белавія» збіраецца купіць тры самалёты ў гамбійскай авіякампаніі Magic Air у абыход санкцый. Паводле інфармацыі крыніц Reuters, самалёты Airbus 330 з лета 2024 года знаходзяцца ў Менску, цяпер «Белавія» падпісвае дакументы аб куплі. Паведамляецца, што самалёты ў дрэнным тэхнічным стане, акрамя таго, пілотам «Белавія» трэба прайсці навучанне, каб лётаць на Airbus. Чакаецца, што самалёты будуць перафарбаваныя ў ліўрэю «Белавія» і пачнуць перавозіць пасажыраў вясной ці летам.

Magic Air – прыватная кампанія, якая спецыялізуецца на абслугоўванні і лізінгу самалётаў. Уладальнік 99% акцый кампаніі – іярданскі бізнэсовец Тарэк Зіяд Абдэль Хамід Аль-Аджамі.

У каментары Reuters грамадзянскае авіяцыйнае ўпраўленне Гамбіі заявіла, што самалёты былі прададзеныя пакупніку з ААЭ, дастаўленыя ў Менск і знятыя з рэгістрацыі ў Гамбіі 19 жніўня 2024 года.

Купюру з незвычайным наміналам выпусцяць у Беларусі

Памятную банкноту наміналам 80 рублёў выпусціць у абарачэнне Нацбанк. Такі намінал выбраны, каб падкрэсліць, што купюра прысвечаная 80-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, тлумачаць у Нацбанку. Наклад банкноты складзе 80 000 штук.

На адным баку купюры намаляваны галоўны манумент Брэсцкай крэпасці (вядомы як “Мужнасць”), скульптура “Радзіма-маці”, а таксама іншыя “знакавыя для Беларусі збудаванні і сімвалы міру”. На адваротным баку банкноты — выява рук маці і дзіцяці на фоне нацыянальнага арнаменту, “Брама Мінска” і кветкі яблыні, а таксама палёт буслоў.

Таксама Нацбанк выпусціць і памятныя манеты да гэтай даты — срэбраную наміналам 20 рублёў і медна-нікелевую наміналам 1 рубель. Выпусціць новыя грошы ў абарачэнне плануецца 31 сакавіка.

У Беларусі колькасць занятых у эканоміцы расце пяты месяц запар

Колькасць афіцыйна працаўладкаваных беларусаў вырасла ў лютым на 9,4 тысяч і склала 4,141 мільёны чалавек. Як вынікае з звестак Белстата, у Беларусі занятасць расце пяты месяц запар.

Афіцыйна паведамляецца, што ў лютым зафіксаваны найбольш значны рост занятасці ў краіне за апошнія пяць месяцаў.

ЗША дазволілі Венгрыі плаціць за расейскі газ

У лістападзе 2024 года ўлады ЗША ўвялі санкцыі супраць «Газпрамбанка», аднаго з асноўных расейскіх банкаў, які абслугоўвае плацяжы за газ кліентаў  Еўропе. Міністр замежных спраў Венгрыі  Петэр Сіярта абвясціў, што Венгрыя вядзе перамовы з турэцкай дзяржаўнай кампаніяй Botas аб закупках газу непасрэдна ў Турцыі ў 2025 годзе.

Цяпер Петэр Сіярта паведаміў, што Будапешт атрымаў ад Вашынгтона згоду на працяг аплаты расейскага газу. Днём раней Reuters пісаў, што Турцыя і Славакія таксама атрымалі ад ЗША адтэрміноўку на далейшыя плацяжы за расейскую сыравіну. Выключэнні з санкцый будуць дзейнічаць да траўня.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: flightaware.com.