BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

БелАЗ пад санкцыямі працягвае прадаваць самазвалы ў Еўропу

БелАЗ пад санкцыямі ЕЗ і ЗША. Але, па звестках «Белпол», яго тэхніка дагэтуль пастаўляецца ў Еўропу. Тэхніка завода трапляе ў Польшчу, Літву, Чэхію, Балгарыю, Славакію.

Як гэта выглядае? «Белпол» расказвае ў расследаванні, што самазвалы ў Беларусі разбіраюць, прадаюць кампаніі-пракладцы, тая перапраўляе іх у Еўропу, і тэхніку збіраюць пад іншым лагатыпам.

У Польшчу самазвалы траплялі пад лагатыпам Kronos (з дапамогай кампаніі POLMARK Kielce). У 2022 годзе так было пастаўлена тэхнікі на суму 1,5 млн даляраў, а летась — на 1,47 млн даляраў (4 самазвалы і запчасткі). У Балгарыю пастаўкі ішлі праз ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Лідсельмаш» (і пад лагатыпам гэтай кампаніі) і «Премиера 2005 ЕООД» (даччыная кампанія «BELAZ-SOFIA» Ltd). У 2021-2022 гадах так было пастаўлена тэхнікі на суму 12 млн даляраў (14 самазвалаў), сцвярджае «Белпол». Таксама тэхніку БелАЗ пастаўляюць у Марока, Алжыр, Чылі, Перу. («Наша Ніва»)

Бульба – у лідарах па росце цэн

Перад Новым годам беларусы скардзяцца на падаражэнне прадуктаў. Па назіраннях беларусаў, з якімі пагутарыла Свабода, перад Новым годам заўважна падаражэла гародніна і садавіна. Таксама ў цане вырасла курыца, мяса, ікра, некаторыя віды малочных прадуктаў.

Аказваецца пры гэтым, што найбольш падаражэла бульба. На пачатку года бульба каштавала 90 капеек за кілаграм (паводле сярэдніх цэн, якія штомесяц публікуе Белстат). Цяпер больш-менш якасная бульба ў сэрвісе «Е-дастаўка» каштуе каля 2 рублёў. Гэта ў 2,2 разу даражэй. З пачатку года морква падаражэла ўдвая, памідоры – на 17%.  З садавіны традыцыйныя для навагодняга стала мандарыны са студзеня падаражэлі на 13%, вінаград вырас у цане амаль удвая, а вось яблыкі і бананы нават крыху патаннелі.

З мяса найбольш падаражэла бескасцёвая свініна, цяпер кілаграм каштуе ў сярэднім 19–20 рублёў. На пачатку году цана была на траціну меншая. Бескасцёвая ялавічына падаражэла ў сярэднім на 20%, цяпер кілаграм каштуе 26–28 рублёў, курыца вырасла ў цане на 10%.

Лукашэнка разлічвае павялічыць узаемны гандаль з Масквой

Мінулагодні аб’ём узаемнага гандлю Беларусі з Масквой — больш за 6 млрд даляраў — быў дасягнуты ўжо ў студзені — кастрычніку 2024 года, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 снежня ў Менску на сустрэчы з мэрам расійскай сталіцы Сяргеем Сабяніным.

“Сёлета мы ўжо замахнуліся на тавараабарот з вамі да 7 мільярдаў даляраў, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Мне, шчыра кажучы, цяжка паверыць, што мы можам дасягнуць такога ўзроўню, але гэта вельмі значна”. Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, на тую прадукцыю, якую Беларусь пастаўляе ў Маскву, “шалёны попыт”. У сваю чаргу Сабянін заявіў, што Масква для Беларусі з’яўляецца галоўным партнёрам: “За апошнія два гады амаль на 30% вырас тавараабарот, па шэрагу пазіцый — яшчэ больш”. («Позірк»)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелАЗ