Па выніках 2025 года аўтамабільны рынак Беларусі прыбавіў на 14 працэнтаў. Тэмп яму задавалі “кітайцы” і “АВТОВАЗ”. Усяго, як паведаміў дырэктар “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота, летась у Беларусі прадалі 158,7 тысяч новых аўто.

Брэнд Belgee стаў лідарам продажаў. Прадалі 22,83 тысяч машын гэтага вытворцы, што склала каля 30% рынка новых аўта. На другім месцы Lada, машын гэтай маркі прадалі амаль 10,5 тысяч, трэцяе месца трымае Geely – крыху больш за 9 тысяч, піша “Беларусы і рынак”.
У якім узросце беларусы купляюць першае жыллё
Цяпер беларусы купляюць першае жыллё ва ўзросце 30-35 гадоў. Пра гэта сведчаць дадзеныя рыэлтара.
У апошні час пакупнікі ўласных квадратных метраў сталі маладзейшыя. Як адзначыў старшыня праўлення “Жыллёвы баланс” Сяргей Несцяровіч, за больш як 11 гадоў дзейнасці спажывецкага кааператыва сярэдні ўзрост пакупніка знізіўся з 40 да 30 гадоў і менш, піша officelife.media.
Пры гэтым актыўнасць на айчынным жыллёвым рынку ў мінулым годзе знізілася. Усяго летась зафіксавана 15,1 тысяч здзелак. Для параўнання: у 2024 годзе іх было больш за 19 тысяч.
Усе цэментныя заводы Беларусі не плацілі за энергарэсурсы
З пратакола пасяджэння Рэспубліканскай камісіі па кантролі за ажыццяўленнем разлікаў за прыродны газ, электрычную і цеплавую энергію стала вядома, што арганізацыі камунальнай формы ўласнасці за студзень-снежань 2025 года недаплацілі 305 млн рублёў. Дакумент рэдакцыі “Еўрарадыё” перадала ініцыятыва BELPOL.
З яго таксама стала вядома, што ўсе цэментныя, а таксама шкляныя заводы (акрамя ААТ “Гомельшкло”) Беларусі не аплачвалі энерганосьбіты на працягу ўсяго 2025 года. Разабрацца з гэтай сітуацыяй даручана Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва.
Цэны на “кавалеркі” знізіліся ў шэрагу польскіх гарадоў
Цэны на аднапакаёвыя кватэры-студыі, так званыя “кавалеркі”, падаюць, у той час як двух- і трохпакаёвыя кватэры застаюцца дарагімі. Так выглядаў другасны рынак жылля ў чацвёртым квартале мінулага года ў Польшчы.
Да прыкладу, сярэдні кошт аднапакаёвай кватэры знізіўся ў васьмі гарадах: Варшаве, Вроцлаве, Лодзі, Любліне, Беластоку, Катавіцах, Кельцах і Жэшуве. Гэта зніжэнне часцей за ўсё складала 1–3% у параўнанні з папярэднім кварталам, гэта значыць ад 100 да 400 злотых за квадратны метр у залежнасці ад горада. Больш выяўленае квартальнае зніжэнне назіралася толькі ў Любліне.
Беларускае Радыё Рацыя.






