Прыкметы паскоранай мілітарызацыі эканомікі фіксуюцца ў Беларусі, гаворыцца ў аналітычным матэрыяле арганізацыі BelPol.

Гэты працэс, паводле яе звестак, з’яўляецца не проста следствам палітычнага збліжэння Менска і Масквы, а вынікам мэтанакіраванай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, “накіраванай на структурную інтэграцыю беларускага прамысловага патэнцыялу ў абаронны комплекс РФ“. BelPol паведамляе аб разгалінаванай сістэме супрацоўніцтва паміж беларускімі прадпрыемствамі і расейскім ВПК па ўсіх напрамках.
Даныя на партале War & Sanctions Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны сведчаць, што ў расейскім узбраенні ідэнтыфікавана 11 тыпаў кампанентаў, вырабленых у Беларусі. Пераважае прадукцыя прадпрыемства “Інтэграл“, ідэнтыфікаваная прадукцыя канструктарскага бюро “СКБ Захад“ (філіял прадпрыемства “Цветатрон“) і прадпрыемства “Радыётэхніка”.






