За 2024 год беларускія кампаніі прадалі тураў амаль на 600 мільёнаў даляраў. Колькасць так званых арганізаваных турыстаў, якіх яны абслужылі, перавысіла 2,7 млн чалавек, паведамілі ў Белстаце. Аб’ём арганізаванага турыстычнага рынку ў рублях склаў больш за 1,89 млрд. рублёў. Гэта прыкладна на 35 працэнтаў больш, чым у пазамінулым годзе.

І гэта значыць, што рынак працягвае расці пасля завяршэння пандэміі. Агульная колькасць турыстаў – кліентаў беларускіх турфірмаў вырасла больш чым на 200 тысяч за год.
Раней у Белстаце паведамілі, што колькасць беларусаў, якія выязджалі за мяжу праз турыстычныя фірмы, павялічылася летась на 23% і склала 618 тысяч чалавек, піша Office Life.
Беларусь пакінула нямецкая кампанія SAP
Беларускі рынак канчаткова пакінула нямецкая кампанія SAP — распрацоўшчык ERP-сістэмы кіравання бізнес-працэсамі кампаній, піша Plan B. Паводле інфармацыі выдання, у Расеі да 2022 года SAP кантралявала не менш за 60% рынку прамысловага спецыялізаванага софту. У Беларусі гэтая доля была не меншай.
Кліентамі кампаніі былі канцэрн «Белнафтахім», Беларуская нафтавая кампанія, «Беларуснафта», «Газпрам трансгаз Беларусь», Мазырскі НПЗ, «Гомельэнерга», «Атлант-М», «Санта-Брэмар» і А1.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны, развязанай Расеяй супраць Украіны, кампанія аб’явіла, што пакіне Расею і Беларусь. З вясны 2022 года SAP спыніў заключэнне новых кантрактаў.
Доля беларускіх тавараў у крамах знізілася да мінімуму за 10 гадоў
У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю прайшоў семінар з удзелам асноўных гандлёвых сетак і прадпрыемстваў-вытворцаў. Абмяркоўвалася павелічэнне продажаў на ўнутраным рынку беларускіх тавараў, доля якіх у рэтэйле ўпала ў мінулым годзе да шматгадовых мінімумаў, піша Office Life.
Антыманапольнае ведамства апублікавала цікавыя даныя, згодна з якімі доля продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце зніжаецца шмат гадоў запар. Летась яна склала 56,4%, прытым што ў 2015-м перавышала 69%. Між тым Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі прадугледжвала павелічэнне долі беларускіх тавараў у рознічных продажах да 2025 года да 63%.
Стала вядома, дзе ў Беларусі пабудуюць майнінгавыя фермы
Магілёўская вобласць рыхтуе пляцоўкі для будаўніцтва майнінгавых ферм. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку. Паводле яго слоў, у Магілёўскай вобласці ёсць добрыя пляцоўкі з дастатковымі энергетычнымі магутнасцямі — «усё неабходнае для будаўніцтва дата-цэнтраў і майнінгавых ферм». Ісачанка падкрэсліў, што ўжо «атрымана дабро» ад кіраўніка дзяржавы. Зараз гэтыя пляцоўкі рыхтуюцца для правядзення конкурсаў і прыцягнення інвестараў.
У мінулым годзе стала вядома, што з удзелам кітайскіх інвестараў на тэрыторыі Крычаўскага раёна рэалізуецца праект будаўніцтва першай у вобласці майнінгавай фермы. Кошт толькі першай чаргі, якую плануюць узвесці ў бягучым годзе, складае 190 мільёнаў рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: Вікіпедыя (Мірскі замак).






