BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Белстат падвёў галоўны эканамічны вынік года

Згодна з першай ацэнкай, ВУП Беларусі ў 2025 годзе вырас на 1,3 працэнта да папярэдняга года. Гэта нашмат менш, чым планавалася першапачаткова. У прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны закладваўся паказчык 4,1 працэнта. Але яго не ўдалося дасягнуць, піша “Беларусы і рынак”.

Нацыянальная эканоміка, залежная ад расейскага рынку, не змагла знайсці яму альтэрнатывы, калі продажы ў Расеі ў мінулым годзе рэзка пайшлі ўніз. Летась аб’ём прамысловай вытворчасці, які з’яўляецца ключавым складальнікам беларускага ВУП, у супастаўных цэнах склаў толькі 98,2 працэнта да ўзроўню пазамінулага года.

На 2026 год улады заклалі ў сваіх прагнозах прырост ВУП не менш як 2,8%.

У Беларусі вырастуць пенсіі з 1 лютага

З 1 лютага ў Беларусі павысяць працоўныя пенсіі. Пенсіі вырастуць у сярэднім на 10%. Паведамляецца, што фінансаваць выдаткі на павышэнне гэтых выплат будуць у межах сродкаў, прадугледжаных на пенсіі бюджэтам на 2026 год.

Па папярэдняй ацэнцы Мінпрацы, сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў лютым складзе 1070 рублёў. Пры гэтым гадавое павелічэнне да лютага 2025-га складзе 138 рублёў, ці 14,8%. У ведамстве ўдакладнілі, што памер павелічэння працоўнай пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой. Гэта залежыць ад працягласці стажу ды іншых фактараў.

Беларусы актыўна робяць дэпазіты ў рублях

Тэрміновыя рублёвыя дэпазіты фізічных асоб, размешчаныя ў беларускіх банках, на 1 студзеня склалі 15,2 млрд рублёў, паведамляе Нацыянальны банк. За мінулы снежань яны павялічыліся на 3,3%, а за год — на 39,5% (+4,3 млрд рублёў).

Паведамляецца, што сярэдняя працэнтная стаўка па новых рублёвых банкаўскіх укладах фізічных асоб на тэрмін больш за год у мінулым месяцы склала 14,6% гадавых.

Кошт золата і срэбра абнавіў гістарычныя максімумы

Золата і срэбра сінхронна ўстанавілі новыя цэнавыя рэкорды. Цяпер яны складаюць крыху больш за $4690 і вышэй за $94 за ўнцыю адпаведна. Сусветныя трэйдары сыходзяць у ахоўныя актывы на фоне абвастрэння адносін паміж ЗША і Еўразвязам з прычыны Грэнландыі.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў, што з 1 лютага ўводзіць пошліну адносна тавараў з васьмі еўрапейскіх краін да таго часу, пакуль яны не пагодзяцца з амерыканскім кантролем над Грэнландыяй, прыгадвае Office Life. У адказ Еўразвяз прыпыніў ратыфікацыю гандлёвага пагаднення са ЗША і аб’явіў пра магчымасць увядзення мытных збораў на амерыканскія тавары на суму 93 млрд. еўра.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц