Праз канфлікт на Блізкім Усходзе рэзка падаражэла нафта, паведамляе Euronews. З яго пачатку цэны на гэтую сыравіну выраслі прыкладна на 50%. Гэта звязана з шэрагам прычын. Так, Іран знаходзіцца побач з Армузскім пралівам — адным з галоўных маршрутаў паставак нафты ў свеце. Праз яго праходзіць прыкладна пятая частка ад сусветнага аб’ёму гэтага энергарэсурсу.

Рух праз гэты вузкі праліў практычна спыніўся з пачаткам канфлікту ў рэгіёне. Праз гэта шэраг краін, напрыклад Ірак і Кувейт, пачаў скарачаць аб’ёмы здабычы прыроднага рэсурсу. Такім чынам, на міжнародны рынак паступае менш нафты пры ранейшым попыце — і яна натуральным чынам даражэе, піша “Люстэрка”.
Беларуская чыгунка не плануе аднаўляць рух пасажырскіх цягнікоў у Польшчу
Беларуская чыгунка не плануе аднаўляць рух пасажырскіх цягнікоў праз беларуска-польскую мяжу. Пра гэта ў кантакт-цэнтры БЧ паведамілі журналістцы “Белсата”.
Пасажырскі чыгуначны рух паміж Польшчай і Беларуссю спыніўся ў сакавіку 2020 года. Спачатку на гэта паўплывала пандэмія каранавірусу, а потым — санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Цяпер прадстаўнікі польскага кіраўніцтва адной з галоўных перашкод для аднаўлення пасажырскага руху праз мяжу называюць пагрозу нелегальнай міграцыі.
Расейскія турысты масава едуць у Беларусь
Колькасць расейцаў, якія прыязджаюць у Беларусь на экскурсіі ці адпачынак, паказала выбухны рост. Але накіроўваюцца яны толькі ў два месцы, піша “Беларусы і рынак”.
За 2025 год у Беларусь прыехала 579,2 тысяч турыстаў, якія набылі туры і пуцёўкі ў профільных кампаній. Гэта ў паўтара разу больш, чым год таму, сведчаць звесткі Белстата. Амаль палова з іх прыехала ў Менск і крыху менш за палову – у Берасцейскую вобласць. У сукупнасці гэтыя два кірункі прымаюць 84% усіх замежных турыстаў. На астатнія рэгіёны прыпадае па некалькі працэнтаў на кожны. Пры гэтым замежныя турысты на 98% працэнтаў – гэта расейцы.
Прагнозы польскіх аналітыкаў адносна даляра
Польскі злоты застаецца пад уплывам настрояў на сусветным рынку, кажуць аналітыкі банка PKO BP. Яны прагназуюць, што даляр вырасце вышэй за 3,70 злотага, еўра павінен заставацца ў дыяпазоне 4,25-4,30 злотага.
“Злоты будзе заставацца пад уплывам настрояў на сусветным рынку, якія будуць фармавацца ў першую чаргу падзеямі на Блізкім Усходзе і звязанымі з імі цэнамі на энерганосьбіты”, — адзначылі аналітыкі банка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц






