Інфляцыя ў Беларусі па выніках бягучага года прагназуецца ў памеры 5-7 працэнтаў. Такі прагноз утрымліваецца ў квартальным аглядзе інфляцыі, падрыхтаваным незалежным цэнтрам BEROC. Не зважаючы на рост інфляцыйнага ціску, цэны будуць стрымлівацца мерамі рэгулявання.
– Стрымліваючым фактарам для інфляцыі застанецца татальны цэнавы кантроль. У базавым сцэнарыі чакаецца яго захаванне ў бягучым годзе і, як мінімум, да завяршэння электаральнай кампаніі 2025 года. Цэнавае рэгуляванне будзе абмяжоўваць перанос праінфляцыйных фактараў у рост цэн у выніку чаго інфляцыя па выніках 2024 года прагназуецца ў памеры 5-7 працэнтаў год да года, – гаворыцца ў даследаванні.
Як нагадвае reform.news, мэтай урада і Нацбанка з´яўляецца інфляцыя не вышэйшая за 6%. Пакуль, па выніках шасці месяцаў, гадавая інфляцыя складае 5,8%.
Заробкі некаторых бюджэтнікаў у верасні вырастуць
Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў паведаміў пра запланаванае павышэнне заробкаў некаторым работнікам бюджэтнай сферы. Міністр кажа, што ў верасні ўлады плануюць падняць заробкі тым катэгорыям бюджэтнікаў, якія «крыху не дацягваюць да планавых». Мяркуецца, што гаворка ідзе пра медыкаў і работнікаў сферы адукацыі.
Міністр адзначыў, што галоўнай мэтай на 2025 год з“яўляецца дасягненне планавых паказчыкаў: заробак лекараў павінен скласці 150 працэнтаў да сярэдняга заробку па эканоміцы, а настаўнікаў – 100%.
– Лекары і настаўнікі – дзве асноўныя вялікія катэгорыі. Ёсць пэўныя параметры і па заробках работнікаў сацыяльнай сферы і культуры, – адзначыў міністр. Паводле яго, па лекарах ужо дасягнулі поспеху.
Чыншы растуць без меры. Сітуацыя ў Польшчы
Чыншы, або базавыя камунальныя аплаты за жыллё ў Польшчы, растуць хуткімі тэмпамі. І завяршэння гэтага росту пакуль не відаць. «Гэта сапраўднае вар´яцтва», – пішуць у выданне money.pl занепакоеныя чытачы. Яшчэ ў пачатку года стала вядома, што ўсё большая колькасць жыллёвых таварыстваў і кааператываў паведамляла жыхароў пра запланаваны рост чыншаў. Эксперты пры гэтым кажуць, што сёлета нас чакае найбольшы рост кошту камунальных паслуг.
Сярод асноўных прычын гэтай сітуацыі называецца найперш рост кошту ацяплення, акрамя таго растуць аплаты за вываз смецця, ад ліпеня падаражэла істотна электраэнергія. Усё гэта перакладаецца на бюджэты хатніх гаспадарак. Калі ў тым жа Беластоку за двухпакаёвую кватэру чынш можа даходзіць да 700-800 злотых, то што ўжо казаць пра Варшаву, Кракаў ці Гданьск. А да чыншу трэба дадаць яшчэ аплату асобных паслуг, той жа вады, газу, інтэрнэту і набіраецца зусім не малая сума.
Беларускае Радыё Рацыя