BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Безнадзея аэрапорта “Гродна”

BELPOL атрымаў інфармацыю пра поўны калапс некалі цалкам “жывога” аэрапорта “Гродна”, які амаль 3 гады фактычна не эксплуатуецца па прызначэнні.

Так, у 2020 годзе аэрапортам “Гродна” было абслужана каля 10 тысяч пасажыраў, у 2021 годзе – каля 5 тысяч, а ў 2022 і 2023 гадах – усяго каля 150 і 100 пасажыраў адпаведна. Выкананне рэйсаў (нават чартарных) у 2024 годзе з названага аэрапорта не плануецца. За апошнія 4 гады сукупныя страты аэрапорта склалі 8 млн. 700 тысяч рублёў, а колькасць яго персаналу знізілася ў 1,5 разу.

Пры гэтым аэрапорт “Гродна” мае дзеючыя сертыфікаты прыдатнасці аэрадрома і тэрмінала, а таксама магчымасць прыёму большасці тыпаў як пасажырскіх, так і грузавых авіясуднаў.

З Беларусі абмежавалі вываз морквы і буракоў

З Беларусі абмежавалі вываз морквы і буракоў. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Падкрэсліваецца, што ўрад увёў часовае абмежаванне — на тры месяцы. У гэты перыяд на вываз за мяжу морквы і буракоў Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю  будуць выдавацца разавыя ліцэнзіі.

Ва ўрадавым паведамленні адзначаецца, што ўвядзенне ліцэнзавання экспарту дазволіць забяспечваць гэтай прадукцыяй найперш унутраны рынак. Таксама ва ўрадзе падкрэсліваюць, што пастанова прынятая дзеля выканання дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі да 2030 года.

Попыт на спажывецкія крэдыты ў Беларусі за першы квартал вырас на 7%

Беларусы сталі больш актыўна браць спажывецкія крэдыты, сведчыць статыстыка, апублікаваная Нацыянальным банкам. За першы квартал бягучага года попыт фізічных асоб на спажывецкія крэдыты вырас на 7,1%. Прагноз на другі квартал абяцае яшчэ большы рост — 21,4%.

Як паведамлялася раней, рост крэдытаў адзначаўся ў Беларусі і летась. Беларусы ў мінулым годзе аформілі ў банках 4,96 млн крэдытных дамоваў на агульную суму 31,89 млрд рублёў. Колькасць дамоваў у параўнанні з 2022 годам вырасла больш чым на 5%, а сума крэдытаў — амаль на 15%, піша «Еўрарадыё».

У Шатландыі за 3 мільёны даляраў можна купіць выспу з пабам і маяком

Адасоблены востраў Санда каля ўзбярэжжа Шатландыі выставілі на продаж. Там ёсць уся неабходная інфраструктура для жыцця, толькі дабірацца да выспы гаспадару давядзецца або на лодцы, або на верталёце, піша выданне EliteThings. Плошча выспы – 169 га. Раней там размяшчалася ферма па вырошчванні рэдкіх чарнагаловых авечак. Ад яе засталося сем жылых дамоў, дзе могуць пражываць больш за 25 чалавек. Прычым дамы ў асноўным нядаўна адрамантаваныя. Энергію выпрацоўваюць тры генератары. На востраве ёсць таксама маляўнічы маяк і ўласны паб “Байран Дарнтон”, названы так у гонар патанулага ў берагоў вострава карабля.

У якасці бонусаў новым уладальнікам прапануюць верталётную пляцоўку, нядрэнны пляж, статак авечак з чорнымі мыскамі і яшчэ «суверэнітэт» над двума маленькімі суседнімі выспамі. Кошт 3,1 мільёны даляраў. (Office Life)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: aviateka.su