У Беларусі плануецца павелічэнне тарыфаў на перавозку пасажыраў і багажу чыгуначным транспартам у межах краіны. Павышэнне складзе ў сярэднім ад 5 да 15% — у залежнасці ад віду злучэння.

На гарадскіх лініях тарыфы павышаюцца:
на 20 капеек у межах аднаго тарыфнага пояса;
на 25 капеек у межах двух паясоў.
На рэгіянальных і міжрэгіянальных лініях цана будзе залежаць ад адлегласці, класа абслугоўвання (эканом ці бізнес), тыпу вагона і рухомага саставу. Апошняе павышэнне тарыфаў адбылося летась у красавіку. Новыя цэны пачнуць дзейнічаць пасля афіцыйнага апублікавання пастановы Мінгандлю.
Завод у Менску па выпуску ўдарных дронаў будуецца з 2023 года
У Фрунзенскім раёне Менска з 2023 года ўпотай будуецца прадпрыемства па серыйнай вытворчасці ўдарных беспілотнікаў. Пра гэта паведамляе ў сваім расследаванні арганізацыя BELPOL, у якой аб’ядналіся былыя беларускія сілавікі. Фармальна завод належыць прыватнай кампаніі, але фактычна гэта праект, падкантрольны Лукашэнку. Курыруе будаўніцтва ЗАТ “Вектар Капітал груп”, якім кіруе набліжаны да Лукашэнкі Віктар Шэйман.
У Беларусі ёсць канструктарскае бюро “Беспілотныя верталёты”, якое распрацоўвае цяжкія беспілотнікі верталётнага тыпу. Яно знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за ўдзел у вайне супраць Украіны. Гэтае бюро для абыходу санкцый стварыла ў 2023 годзе ЗАТ “Беспілотныя лятальныя апараты”, якое купіла вытворчыя плошчы ў 16 га на вуліцы Янкі Маўра.
МТЗ павялічыў аб’ём інвестыцый амаль на чвэрць
Аб’ём інвестыцый ААТ “МТЗ” у першым паўгоддзі гэтага года вырас у параўнанні з такім жа перыядам мінулага на 23,6% і склаў 33 млн рублёў. Пра гэта піша “Трактар Бел”. Сродкі ўкладаюцца ў мадэрнізацыю абсталявання, абнаўленне вытворчай інфраструктуры, павышэнне яе эфектыўнасці, у тым ліку праз укараненне новых тэхналогій і аптымізацыю вытворчых працэсаў, паведамляюць на заводзе.
Раней два прадпрыемствы “МТЗ-Холдынгу” занеслі ў Кнігу рэкордаў Беларусі. Смаргонскі агрэгатны завод зарэгістраваў адразу два рэкорды: выпуск першай у Беларусі самаходнай газонакасілкі і самая вялікая колькасць мотаблокаў — больш за 100 тысяч адзінак. А Менскі завод шасцерняў патрапіў у Кнігу рэкордаў як адзінае спецыялізаванае прадпрыемства ў СНД па выпуску зубчастых колаў з поўным цыклам вытворчасці, піша Office Life.
Міністр фінансаў пра стан польскай эканомікі
У размове з прэс-сакратаром урада Адамам Шлапкам, апублікаванай на YouTube, міністр фінансаў і эканомікі Анджэй Даманскі абвясціў, што ВУП Польшчы вырасце на 3,4 працэнта ў бягучым годзе. Эканамічны рост будзе падобным і ў наступным годзе. Такі ўзровень росту ВУП ставіць Польшчу ў лік самых хуткарослых краін ЕС.
Міністр адзначыў, што доўгі час рухаючай сілай былі рознічныя продажы, але цяпер назіраецца паступовае паляпшэнне ў прамысловасці і экспарце, што звязана з паляпшэннем сітуацыі ў еўразоне. Кажучы пра інфляцыю, Даманскі заявіў, што ў цяперашні час яна ўпала прыкладна да 3%, і што ў бліжэйшыя месяцы яна «верагодна» будзе зніжацца яшчэ больш.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






