BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Біткоін абваліўся да мінімуму за 7 месяцаў

У аўторак, 18 лістапада, курс біткойна ўпершыню з красавіка абваліўся ніжэй за 90 000 даляраў, што стала яшчэ адным сведчаннем змяншэння цікавасці інвестараў да рызыковых актываў на фінансавых рынках.

Паводле Reuters, біткойн страціў увесь рост 2025 года і цяпер каштуе амаль на 30% менш, чым у кастрычніку, калі крыптавалюта дасягнула гістарычнага піку — звыш 126 000 даляраў.

Аналітыкі адзначаюць, што падзенне звязана з сумненнямі адносна будучага зніжэння працэнтных ставак у ЗША, а таксама з ваганнямі настрояў на рынках пасля працяглага перыяду росту.

Пад ціскам апынуўся і эфір: криптавалюта страціла каля 40% ад жнівеньскага піку ў 4955 даляраў і цяпер гандлюецца прыкладна па 2997 даляраў.

Bloomberg паведамляе, што абвал біткойна прывёў да калектыўных страт сярод інвестараў амерыканскіх біржавых фондаў (ETF), якія даюць прамы доступ да крыптавалюты. Сярэдні кошт усіх укладанняў у гэтыя ETF складае каля 89 600 даляраў, і пры курсе ніжэй за гэтую адзнаку значная частка інвестараў знаходзіцца «ў мінусе». Прыбытак цяпер маюць толькі тыя, хто купляў біткойн па кошце паміж $40 000 і $70 000.

Нягледзячы на тое, што ў 2025 годзе ў біткойн-ETF паступілі мільярды даляраў і іх папулярнасць была вельмі высокай, у лістападзе група з 12 такіх фондаў ужо зафіксавала чысты адток каля 2,8 млрд даляраў. На фоне ажыятажу вакол біткойна эмісары запусцілі ETF і на эфір, аднак цяперашняя дынаміка таксама аказваецца негатыўнай.

6 кастрычніка 2025 года біткойн дасягнуў рэкорднай адзнакі ў 126 000 даляраў. Але ўжо 10 кастрычніка рынак крыптавалют абрынуўся пасля заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра ўвядзенне 100-працэнтнай пошліны на тавары з Кітая і ўзмацненне кантролю за экспартам праграмнага забеспячэння.

5 лістапада біткойн знізіўся яшчэ на 7,4% і ўпершыню з чэрвеня апусціўся ніжэй за $100 000, што больш чым на 20% ніжэй за максімум, усталяваны месяцам раней.