Дзяржаўны бюджэт Беларусі ў 2026 годзе будзе дэфіцытным. Пра гэта ў інтэрв’ю дзяржаўным СМІ паведаміў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.

Чыноўнік адзначыў, што розніца паміж выдаткамі і даходамі складзе каля 4,6 млрд рублёў (прыкладна 1,5 млрд даляраў), або каля 1,5% ВУП краіны. Кампенсаваць гэты дэфіцыт ведамства мяркуе за кошт сродкаў, назапашаных за папярэднія гады. “Раней шмат прыцягвалі сродкаў ад міжнародных арганізацый: рамантавалі дарогі, іншыя нейкія рэчы, пакуль гэтыя арганізацыі дружалюбна да нас ставіліся. Сёння мы прыцягваем рэсурсы з Расейскай Федэрацыі. Гэтыя прыцягнутыя рэсурсы на мадэрнізацыю напрамкаў фармуюць дэфіцыт бюджэту”, — удакладніў міністр фінансаў.
Сёлета бюджэт таксама прагназаваўся з дэфіцытам 4,5 млрд рублёў.
Галоўчанка заклікаў людзей не шарахацца
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка растлумачыў, чаму беларускі рубель умацоўваецца да даляра. Адказваючы на пытанне, ці варта купляць даляры, Раман Галоўчанка заклікаў «не шарахацца і не панікаваць» і нагадаў пра сваю параду пазбаўляцца ад гэтай валюты.
«Беларускі рубель умацоўваецца да даляра. Улічваючы тое, што мы прывязаныя да кошыка валют, большае значэнне для нашага кошыка мае расейскі рубель. Адпаведна, расейскі рубель умацоўваецца да даляра — плаўна ўмацоўваемся і мы. За гэты год беларускі рубель умацаваўся да даляра на 13—14 %», — адзначыў кіраўнік Нацбанка.
«Геапалітычная сітуацыя вельмі ўплывае на курс даляра. Яго суадносіны з еўра адчувальныя. Таму галоўнае — не шарахацца».
ZUS пракантралюе прафесійную дзейнасць іншаземцаў
Установа сацыяльнага страхавання (ZUS) будзе кантраляваць прафесійную дзейнасць украінцаў і іншых замежнікаў, якія атрымліваюць дапамогу на дзяцей («800+») у Польшчы. Згодна са зменамі ў заканадаўстве, права на атрыманне дапамогі будзе залежаць ад прафесійнай дзейнасці бацькоў, наведвання дзіцём польскай школы і заробкаў не менш за 50% ад мінімальнай заработнай платы.
Праверка прафесійнай актыўнасці адбудзецца на падставе праверкі дадзеных, сабраных у ZUS, а таксама на падставе дадзеных з іншых польскіх устаноў, якія могуць пацвердзіць такую актыўнасць. Праверкі прафесійнай дзейнасці будуць праводзіцца штомесяц. Калі акажацца, што замежнік не працуе ў гэтым месяцы, выплата дапамогі будзе прыпынена, і перавод не будзе адпраўлены. ZUS таксама праверыць, ці пакінуў іншаземец краіну.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






