BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Bloomberg піша пра беларускі калій

У выходныя адміністрацыя Дональда Трампа пагадзілася адмяніць абмежаванні на беларускія калійныя ўгнаенні – найважнейшую крыніцу даходу Беларусі да ўвядзення заходніх санкцый, якія практычна спынілі іх экспарт. У выніку акцыі амерыканскіх вытворцаў угнаенняў упалі, піша выданне Bloomberg.

Фота ілюстрацыйнае: belsat.eu
Фота ілюстрацыйнае: belsat.eu

Хоць Беларусь, верагодна, паспрабуе вярнуцца на амерыканскі рынак, шмат што залежыць ад лагістыкі паставак. Санкцыі Еўрапейскага звязу застаюцца ў сіле, а ў краіны няма ўласных марскіх партоў, таму ёй па-ранейшаму даводзіцца абапірацца на расейскія балтыйскія тэрміналы і чыгуначны экспарт у Кітай. Найбуйнейшы гандлёвы маршрут праз літоўскі порт Клайпеда, праз які раней адпраўлялася больш за 90% беларускага калію, зачынены з 2022 года.

Мабільныя аператары цяпер змогуць даваць мікрапазыкі

У Беларусі ўвялі змены ў прынцыпы ажыццяўлення мікрафінансавай дзейнасці. Так, да мікрафінансавай дзейнасці цяпер будзе адносіцца выдача грашовых сродкаў па адной або некалькіх дамовах мікрапазыкі. Акрамя таго, права займацца такой дзейнасцю атрымалі аператары мабільнай сувязі. Яны змогуць выдаваць спажывецкія мікрапазыкі ў безнаяўнай форме, без закладу, на суму не больш за 200 базавых велічынь на аднаго пазычальніка.

Камерцыйным мікрафінансавым арганізацыям дазволена даваць спажывецкія мікрапазыкі праз анлайн-сэрвісы.

У Беларусі запусцілі фінансавы маркетплэйс

У Беларусі афіцыйна пачаў працаваць фінансавы маркетплэйс «Фінмаркет».  На першым этапе на маркетплэйсе можна набываць акцыі і аблігацыі з афіцыйных каціровачных спісаў.

Скарыстацца «Фінмаркетам» можна праз сайт Беларускай валютна-фондавай біржы або непасрэдна праз інтэрнэт-браўзер. Наступны этап развіцця запланаваны на 2026 год. Тады да маркетплэйса плануюць падключыць банкі і страхавыя кампаніі. Карыстальнікам стануць даступныя дэпазіты, спажывецкія крэдыты, аплатныя карткі і базавыя страхавыя прадукты — у тым ліку страхаванне аўтаграмадзянскай адказнасці, здароўя і маёмасці.

Volkswagen упершыню за ўсю гісторыю закрывае завод у Германіі

Нямецкі аўтаканцэрн Volkswagen збіраецца спыніць вытворчасць аўтамабіляў на сваім прадпрыемстве ў Дрэздэне. Гэта, як піша Financial Times, адбудзецца ўпершыню за 88 год працы кампаніі.

Выданне адзначае, што вытворчасць у Дрэздэне вырашылі закрыць на фоне пагаршэння фінансавых паказчыкаў кампаніі. Гэта звязана з дрэннай рэалізацыяй машын на кітайскім рынку, зніжэннем попыту ў еўрапейскіх краінах, а таксама амерыканскімі тарыфамі. З-за іх аселі продажы аўтамабіляў у ЗША.

Беларускае Радыё Рацыя