Гендырэктар Беларускага металургічнага завода Дзмітрый Корчык у інтэрв’ю БЕЛТА кажа, што падчас санкцый падтрымлівае сувязь з партнёрамі з Еўразвязу. На Захад пастаўлялася больш за 50% усяго экспарту прадпрыемства.

БМЗ нават у цяперашняй сітуацыі спадзяецца на аднаўленне паставак на еўрапейскі рынак. “Я ніколі не разрываў узаемаадносіны з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, мы падтрымліваем кантакты, — прызнаецца Корчык. — З моманту зняцця абмежаванняў яны гатовыя вярнуцца да нас па наш прадукт. Мы падтрымліваем узаемаадносіны. Мы таксама з імі працуем, у тым ліку і па новых відах прадукцыі. Як толькі будзе магчымасць пастаўляць туды прадукцыю, мы рэанімуем гэтыя ўзаемаадносіны”. А пакуль прадпрыемства арыентуецца на краіны СНД, Кітай, краіны Афрыкі і наракае на складаную лагістыку. Пастаўляць прадукцыю ў ЕЗ было зручна і выгадна.
Абмежаванні на ўвоз металу з Беларусі Еўразвяз увёў у сакавіку 2022-га, а ў жніўні 2023 года Беларускі металургічны завод быў асобна ўнесены ў санкцыйны спіс ЕЗ, прыгадвае “Еўрарадыё”.
Летась паслугай Tax Free ў Латвіі больш за ўсё карысталіся беларусы
У мінулым годзе больш за ўсё пакупак у сістэме Tax Free ў Латвіі здзейснілі жыхары Беларусі, якія склалі 22% ад агульнай колькасці пакупнікоў, паведаміла кіраўнік сэрвісу вяртання падаткаў SIA Global Blue Latvija Вінета Калмане, піша Delfi.lv. Таксама ў мінулым годзе часта карысталіся паслугай Tax Free ў Латвіі прыезджыя з Узбекістана, Ізраіля і Турцыі. Як распавяла Калмане, аб’ём пакупак Tax Free ў 2023 годзе быў яшчэ далёкі ад узроўню да пандэміі. “Рынак аднавіўся менш чым на 30%”, — сказала яна, дадаўшы, што пакупкі Tax Free шмат у чым звязаныя з турызмам, якому цяпер перашкаджаюць вайна ва Украіне і канфлікт у сектары Газа.
Па дадзеных Global Blue Latvija, асноўнымі катэгорыямі тавараў, якія замежнікі купляюць у Латвіі праз Tax Free, з’яўляюцца адзенне і абутак — 46% ад агульнай колькасці пакупак пры сярэдняй суме пакупкі 228 еўра. Далей ідуць электратавары, спартыўныя тавары, ювелірныя вырабы і гадзіннікі. (nashaniva.com)
Запазычанасць прадпрыемстваў перад банкамі вырасла на 16%
Нацыянальны банк паведаміў, што запазычанасць беларускіх суб’ектаў гаспадарання па банкаўскіх крэдытах за мінулы год дасягнула амаль 52,4 млрд рублёў. Гэта прыкладна на 7 млрд перавышае статыстыку гадавой даўнасці, піша Office Life. Тройка лідараў па крэдытнай запазычанасці не змянілася: апрацоўчая прамысловасць — каля 27,5 млрд рублёў (рост за год прыкладна на 5 млрд), гандаль — 10,6 млрд (плюс каля 1 млрд) і сельская гаспадарка — 3,6 млрд (плюс 0,5 млрд). Гэта значыць, што на прамысловасць прыпадае больш за палову крэдытнай запазычанасці ў краіне.
Раней Нацбанк спрагназаваў, што ў 2024 годзе прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі (уключаючы крэдыты прадпрыемствам і насельніцтву) складзе не менш за 10%.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belrynok.by. (гендырэктар БМЗ Дзмітрый Корчык)






