У трубапракатным цэху Беларускага металургічнага завода (БМЗ) у Жлобіне вырабляюцца часткі мінамётаў і бронепласціны. Частка прадукцыі ідзе ў Воршу, частка — пастаўляецца ў Расею. Пра гэта піша жлобінскі тг-канал Free Zhlobin са спасылкай на свайго чытача. Паводле інфармацыі Free Zhlobin, раней работнікаў БМЗ накіроўвалі ў Воршу на завод “Легмаш” для вырабу снарадаў. Тое, што на “Легмашы” выпускаюцца снарады, напрыклад, для ракетных комплексаў “Град”, пацвердзілася сёлета ў траўні — падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі на гэтае прадпрыемства.

Упершыню інфармацыя пра падрыхтоўку да выпуску ваеннай прадукцыі на БМЗ з’явілася ў лістападзе 2022 года. Тады паведамлялася, што даследчаму цэнтру БМЗ даручылі вырабіць узоры бронеплітаў для вайсковай тэхнікі і для бронекамізэлек. Афіцыйныя рэсурсы БМЗ пра выпуск прадукцыі для ВПК не паведамлялі, піша «Еўрарадыё».
За год беларуская эканоміка страціла больш за 38 тысяч працаўнікоў
У беларускай эканоміцы ў траўні бягучага года было занята 4 млн 112,2 тысячы чалавек – гэта на 38,5 тысяч менш, чым у траўні мінулага года. Пра гэта сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі. Пры гэтым па стане на 12 чэрвеня на сайце Дзяржаўнай службы занятасці апублікавана 158 тысяч 473 вакансіі.
Узровень беспрацоўя, разлічаны ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы (фактычнае беспрацоўе), у першым квартале сёлета знізіўся на 0,2 працэнтнага пункта ў параўнанні з чацвёртым кварталам мінулага года — з 3,5 да 3,3%.
Беларусь у лідарах па закупках бульбяных чыпсаў у Расеі
Сёлета 32,7 працэнта паставак бульбяных чыпсаў з Расеі ідуць у Беларусь. Наша краіна аказалася на другім месцы пасля Казахстана, піша Office Life. На трэцім месцы па пастаўках – Узбекістан. Адзначаецца, што пры гэтым за чатыры месяцы з пачатку года пастаўкі расейскіх бульбяных чыпсаў павялічыліся ў натуральным выражэнні на 20 працэнтаў да аналагічнага леташняга перыяду.
Дарэчы, чыпсы – самы папулярны сегмент рынку снэкаў. Летась іх спажыванне ў свеце перавысіла чатыры мільёны тон на суму, якая набліжаецца да 50-ці мільярдаў даляраў. Найбольш чыпсаў пастаўляюць Нідэрланды, Бельгія і ЗША. Расея – на сёмай пазіцыі.
Ад ліпеня ў Польшчы павялічваецца «мінімалка»
З першага ліпеня мінімальны заробак у Польшчы павялічваецца на 1,4 працэнта і складзе 4 тысячы 300 злотых брута, то бок да выплаты падаткаў і ўзносаў. Мінімальная гадзінная стаўка за працу на падставе грамадзянска-прававых дамоваў складзе 28,1 злотых.
Пры гэтым з 1 студзеня 2025 года ўрад краіны анансуе чарговае павышэнне мінімальнага заробку, які павінен вырасці на 7,6 працэнта і скласці 4 тысячы 626 злотых «бруднымі», а мінімальная гадзінная стаўка складзе 30,2 злотых.
Беларускае Радыё Рацыя






